Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/20/925925_12345/
Дата раздрукоўкі: 07.12.2019 23:12
20.10.2017 14:24 Эканоміка, Грамадства

Лукашэнка не супраць прыходу прыватных кампаній у сферу ЖКГ, але лічыць, што яны запатрабуюць даражэй за няякасную працу

Мінск, 20 кастрычніка. Аляксандр Лукашэнка не супраць прыходу прыватных кампаній у сферу ЖКГ, але прапануе абавязаць іх выконваць дзяржаўныя тарыфы для насельніцтва.

"Цяпер шмат гаворыцца пра развіццё канкурэнцыі, прыход на рынак прыватных кампаній. Я буду толькі за, калі гэта дабратворна адаб'ецца на якасці паслуг і людзі станоўча адрэагуюць на перамены", — заявіў ён, выступаючы 20 кастрычніка на рэспубліканскім семінары "Аб удасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны".

У той жа час Лукашэнка прывёў у прыклад сітуацыю ў Расіі, дзе прыватныя арганізацыі значна завысілі кошт тарыфаў. Паводле яго слоў, запазычанасць насельніцтва за паслугі ЖКГ там цяпер складае "трыльёны рублёў". "Гэтага дапусціць нельга. Няхай прыходзіць прыватнік — тарыфы будуць пазначаныя. І няхай працуе ў гэтай сітуацыі. Застанецца пракантраляваць толькі якасць іх працы", — сказаў Лукашэнка.

На яго думку, сістэма ЖКГ — "гэта не тая сфера, дзе можна мець завоблачную рэнтабельнасць, і кожная арганізацыя павінна разумець, што за кошт "шалёных" грошай тут зарабіць не атрымаецца". "Але вы ведаеце, што любы прыватнік, прыйшоўшы ў гэтую сферу, будзе глядзець перш за ўсё ў сваю кішэнь: як даражэй узяць, што недарабіць, што не зрабіць, дзе няякасна абысці, а грошы — у кішэню пакласці. Таму вы не спяшайцеся разбураць цяпер дзейсную структуру ва ўгоду нейкім сумніўным кампаніям і мерапрыемствам", — дадаў Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу на існуючую практыку, калі многія новаствораныя прыватныя арганізацыі ліквідуюцца, а дамы пераходзяць на абслугоўванне мясцовых прадпрыемстваў ЖКГ. На думку Лукашэнкі, гэта сведчыць аб тым, што ўласнікі жылля не гатовыя браць на сябе калектыўную адказнасць за агульную маёмасць, "не ў стане навесці ў сябе ў хаце парадак без умяшання звонку". "Відавочна, што гэтыя пытанні таксама патрабуюць неадкладнага ўрэгулявання", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН