Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/20/925952/
Дата раздрукоўкі: 13.12.2019 14:46
20.10.2017 16:58 Палітыка, Грамадства

Алесь Бяляцкі: У Беларусі захоўваецца татальны кантроль уладаў над грамадствам

Мінск, 20 кастрычніка. У Вільнюсе 20 кастрычніка пачаў працу IV Беларускі праваабарончы форум. Як паведамляе сайт spring96.org, у ім прымаюць удзел прадстаўнікі 29 беларускіх праваабарончых арганізацый, недзяржаўных арганізацый, што маюць у сваёй дзейнасці праваабарончы кампанент, праваабаронцы, якія дзейнічаюць у індывідуальнай якасці, эксперты, іх замежныя і міжнародныя партнёры.

Вітальныя лісты ўдзельнікам форуму даслалі спецдакладчык ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Міклаш Харасці і офіс Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека. Харасці ў сваім пасланні звярнуў увагу на важнасць захавання прынцыпу ўніверсальнасці правоў чалавека.

У сваім выступе старшыня закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі адзначыў, што ў 2016 годзе сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі крыху палепшылася. "Але агульная сітуацыя не была аптымістычнай: па-ранейшаму застаўся пераслед актывістаў, працягвалася нерэгістрацыя партый і грамадскіх аб`яднанняў. У 2017 годзе сітуацыя, на жаль, вярнулася да "звычайнай" беларускай — з`явіліся палітычна матываваныя зняволеныя, жорсткія разгоны масавых акцый, масавыя арышты, пастаянныя адміністрацыйныя справы. Гэта усё паказвае, што ціск на грамадства працягваецца — амаль кожны тыдзень нехта з актывістаў адбывае пакаранне на Акрэсціна. У Беларусі захоўваецца татальны кантроль уладаў над грамадствам", — заявіў праваабаронца.

Паводле слоў члена праўлення Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанны Літвіной, у краіне назіраецца "татальная хваля пераследу журналістаў". "Толькі за гэты год БАЖ ужо зафіксавала больш за 170 фактаў затрыманняў, арыштаў, штрафаў і іншага пераследу журналістаў. Але гэта ўсё адбываецца на фоне вялізнай запатрабаванасці ў грамадстве нецэнзураванай, дакладнай, аператыўнай і праўдзівай інфармацыі. Асноўныя праблемы ў галіне парушэння правоў журналістаў — гэта судовы пераслед за працу на замежнае СМІ без акрэдытацыі і закон аб СМІ, які прадугледжвае адказнасць інтэрнэт-выданняў, але не надзяляе іх правамі сродкаў масавай інфармацыі", — адзначыла Літвіна.

Дырэктар Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend Вольга Смалянка адзначыла некаторыя пазітыўныя крокі дзяржавы ў галіне правоў чалавека, разам з тым заўважыўшы, што яны маюць касметычны характар, паколькі сістэмных зменаў на ўзроўні заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі няма.

У якасці пазітыўных крокаў праваабаронца адзначыла прыняцце нацыянальнага міжведамаснага плана па рэалізацыі рэкамендацый, атрыманых падчас праходжання Беларуссю Універсальнага перыядычнага агляду ў Савеце па правах чалавека ААН, а таксама іншыя нацпланы — у галіне абароны правоў дзяцей, людзей з інваліднасцю, гендарнай праблематыкі. Таксама дзяржава нарэшце выканала сваё абавязацельства па прадстаўленні даклада ў Камітэт па правах чалавека ААН. Было адзначана, што дзяржаўныя органы пачалі рэгістраваць больш грамадскіх аб`яднанняў, аднак гэтая пазітыўная статыстыка не тычыцца арганізацый, што працуюць у галіне праваабароны.

Наконт становішча арганізацый грамадзянскай супольнасці выступоўца выказала "асаблівую занепакоенасць": "Захоўваецца крымінальны артыкул 193-1, які прадугледжвае адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Нягледзячы на павелічэнне колькасці рэгістраваных сацыяльных і дабрачынных арганізацый, улады па-ранейшаму адмаўляюць нязручным для сябе арганізацыям. Паўстаюць складанасці і з рэгістрацыяй такой больш простай формы, як установа, калі ў іх дзейнасці ёсць праваабарончы кампанент. Праваабарончыя арганізацыі ўвогуле выкінутыя за рамкі прававога поля, паколькі пазбаўленыя магчымасці атрымання замежнай дапамогі".

Смалянка нагадала, што 2017 год характарызуецца прымяненнем масавых рэпрэсій у дачыненні да грамадзянскіх актывістаў, журналістаў і праваабаронцаў — і гэтыя групы зведваюць кропкавыя рэпрэсіі пастаянна. Таксама за кратамі знаходзяцца два палітычныя вязні, не спынены палітычна матываваныя крымінальныя справы, ажыццяўляецца націск на адвакатаў, дадала яна.

Асобна праваабаронца спынілася на магчымасцях узаемадачыненняў арганізацый грамадзянскай супольнасці і дзяржавы і характары дзеянняў дзяржавы на міжнароднай арэне. "Па-ранейшаму няма пляцоўкі для рэгулярнай і эфектыўнай камунікацыі паміж дзяржавай і арганізацыямі грамадзянскай супольнасці. Нацыянальны міжведамасны план такой пляцоўкай не стаў, як не стаў і нейкім прарывам у галіне правоў чалавека, ён застаецца дэкларацыяй намераў. У той жа час на міжнароднай арэне Беларусь імкнецца прадставіць паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека. І я ўжо казала пра падачу дзяржавай даклада ў КПЧ. Але затым Беларусь атрымлівае рэкамендацыі — і з гэтымі рэкамендацыямі нічога не адбываецца", — лічыць Смалянка.

Праца форуму працягнецца 21 кастрычніка.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН