Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/21/925994_925995/
Дата раздрукоўкі: 13.12.2019 14:41
21.10.2017 13:04 Грамадства, Палітыка

У рэгіёнах затрымліваюць актывістаў, якія збіраліся ў Мінск на акцыю пратэсту

Мінск, 21 кастрычніка. У рэгіёнах супрацоўнікі міліцыі затрымліваюць актывістаў, якія збіраліся ў Мінск на несанкцыянаваную ўладамі акцыю пратэсту "Марш абураных беларусаў 2.0".

У прыватнасці, раніцай 21 кастрычніка ў Маладзечне затрыманы старшыня Мінскай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Аляксандр Абрамовіч, які ехаў у Мінск для ўдзелу ў акцыі пратэсту.

Як паведамляе праваабарончы сайт spring96.org, міліцыянеры, якія затрымалі Абрамовіча, паведамілі яму, што ён парушыў правілы дарожнага руху — перайшоў дарогу ў неналежным месцы. Абрамовіча адвезлі ў Маладзечанскі псіханеўралагічны інтэрнат, каб праверыць, ці не знаходзіцца ён у стане алкагольнага ап`янення.

Праваабаронцы ўдакладнілі інфармацыю з сацыяльных сетак аб затрыманні члена партыі АГП з Маладзечна Генадзя Фарыно. Ён таксама цяпер у міліцыі. Ёсць верагоднасць, што затрыманая таксама актывістка Маладзечанскай арганізацыі Партыі БНФ Вольга Лагвіновіч. Яна з самай раніцы не выходзіць на сувязь.

Акрамя таго, стала вядома, што раніцай 21 кастрычніка ў Баранавічах затрыманы актывіст прафсаюза РЭП Рыгор Грык. Яго затрымалі на пероне вакзала перад пасадкай у цягнік, на якім Грык планаваў ехаць у Мінск. Затрыманне праводзілі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным.

Акцыя "Марш абураных беларусаў 2.0" ініцыяваная Беларускім нацыянальным кангрэсам і павінна пачацца сёння ў 14.00. Збор удзельнікаў абвешчаны на Кастрычніцкай плошчы. Арганізатары акцыі апавясцілі Мінгарвыканкам аб яе правядзенні.

Як напісаў у "Фэйсбуку" адзін з лідараў БНК Мікалай Статкевіч, "акцыя адбудзецца і ў выпадку затрымання перад ёй найбольш вядомых лідараў БНК — знойдуцца новыя лідары, гатовыя ўзяць адказнасць на сябе".
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН