Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/21/926000_926001/
Дата раздрукоўкі: 13.12.2019 14:45
21.10.2017 13:36 Грамадства

Суд па скарзе Ганны Бахціной, якую Мінюст пазбавіў ліцэнзіі адваката, працягнецца 27 кастрычніка

Мінск, 21 кастрычніка. Суд па скарзе Ганны Бахціной, якую Міністэрства юстыцыі пазбавіла адвакацкай ліцэнзіі, працягнецца 27 кастрычніка, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

Разгляд скаргі Бахціной пачаўся ў судзе Маскоўскага раёна Мінска 19 кастрычніка. Адвакат з 25-гадовым стажам дзейнасці ў судовым парадку аспрэчвае рашэнне кваліфікацыйнай камісіі Міністэрства юстыцыі, на падставе якога яна пазбаўлена права ажыццяўляць адвакацкую дзейнасць.

12 верасня кваліфікацыйная камісія па пытаннях адвакацкай дзейнасці Міністэрства юстыцыі падчас пазачарговай атэстацыі адвакатаў прызнала Бахціну "недастаткова кваліфікаванай". 14 верасня Мінюст на падставе заключэнняў кваліфікацыйнай камісіі прыняў рашэнне аб спыненні дзеяння выдадзенай Бахціной ліцэнзіі на права ажыццяўлення адвакацкай дзейнасці.

На думку Бахціной, мелі месца парушэнні пры правядзенні атэстацыі, а пазачарговая атэстацыя была праведзена няправільна, таму і рашэнне было прынята неабгрунтавана.

У судзе Ганна Бахціна заявіла хадайніцтва аб выкліку на працэс у якасці сведкі старшыні кваліфікацыйнай камісіі Мінюста Мікалая Старавойтава, але суддзя хадайніцтва адхіліў. Прадстаўнікі Мінюста ў сваю чаргу хадайнічалі перад судом аб далучэнні да справы характарыстыкі на Бахціну, што суд задаволіў.

Ганна Бахціна звязвае рашэнне Мінюста з тым, што яна абараняла блогера Эдуарда Пальчыса, а таксама Міраслава Лазоўскага, фігуранта яшчэ не завершанай справы "Белага легіёну".

Бахціна — вядомы ў Беларусі спецыяліст з 13-гадовым пракурорскім стажам і 25-гадовым стажам адвакацкай дзейнасці. Апошнія дзесяць гадоў яна абараняла многіх фігурантаў рэзанансных спраў з палітычнай афарбоўкай. У прыватнасці, прадстаўляла інтарэсы Эніры Браніцкай, абвінавачанай у 2006 годзе ў дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі — аб`яднання назіральнікаў за выбарамі "Партнёрства", журналісткі Ірыны Халіп — у справе аб масавых беспарадках пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, стваральніка вострасацыяльнага рэсурсу 1863x.com Эдуарда Пальчыса.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН