Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/21/926004_926005/
Дата раздрукоўкі: 07.12.2019 15:35
21.10.2017 15:05 Грамадства

У Мінску прайшоў "Марш абураных беларусаў 2.0"

Мінск, 21 кастрычніка. У Мінску 21 кастрычніка прайшла акцыя "Марш абураных беларусаў 2.0". Яе мэта — выказаць пратэст у сувязі з сацыяльна-эканамічнай палітыкай уладаў. БелаПАН вёў анлайн-рэпартаж з акцыі.
13.45. На Кастрычніцкай плошчы з`явіўся апазіцыйны палітык, сустаршыня Беларускага нацыянальнага кангрэса Мікалай Статкевіч. Людзей пакуль мала, асноўная частка тых, хто сабраўся на плошчы, — гэта журналісты і супрацоўнікі міліцыі.

14.00.
На плошчы каля дзясятка актывістаў, сярод іх — абгорнутая ў бел-чырвона-белы сцяг Наталля Папкова з Брэста, а таксама актывістка кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Вольга Нікалайчык. Дзяжураць некалькі дзясяткаў супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным. ДАІ патрулюе прылеглую частку праспекта Незалежнасці, на выхадзе з метро дзяжураць міліцыянеры ў форме.

14.05. На плошчы ўжо каля 50 чалавек. У размове з журналістамі Мікалай Статкевіч заклікаў беларусаў "пераадольваць страх і выходзіць на вуліцы для пратэсту". "Улада баіцца, што людзі будуць выходзіць на вуліцы. Калі на вуліцы выйдуць сотні тысяч, то яна проста разваліцца", — сказаў ён.

14.07. Статкевіч абвясціў мітынг адкрытым. "Лукашэнка ўкраў уладу, і адзіны спосаб супрацьстаяць гэтаму — выходзіць на акцыі пратэсту, — заявіў ён. — Адзін незнаёмец падышоў да мяне і сказаў: дзякуй вам за тое, што вы робіце. Калі б не вы, нас бы даўно ў канцлагер загналі". На думку Статкевіча, Беларускі нацыянальны кангрэс "дапамагае народу ўстаць з каленяў".

На плошчы — каля сотні чалавек, у тым ліку некалькі дзясяткаў сілавікоў у цывільным і журналістаў. Непасрэдна ў акцыі ўдзельнічае каля 30 актывістаў, яны выстраіліся бліжэй да цэнтра Кастрычніцкай плошчы з вялікай расцяжкай "Лукашеску, ты урод! Хватит грабить наш народ". Людзі таксама трымаюць фатаграфіі палітвязняў з надпісамі "Свабоду палітвязням".

Паводле слоў Статкевіча, удзельнікі акцыі патрабуюць, каб улады пачулі народ, а не толькі ўціскалі яго. "Мы патрабуем, каб рашэнне праблем дзяржавы не ажыццяўлялася толькі за кошт абкрадання народа", — сказаў ён.

Палітык таксама адзначыў, што адной з мэт акцыі з`яўляецца пратэст супраць дзедаўшчыны ў войску. "Тое, што цяпер там адбываецца, — гэта дыскрэдытацыя дзяржавы", — падкрэсліў Статкевіч.

За Палацам Рэспублікі стаяць пяць аўтазакаў, а на вуліцы Камсамольскай — пяць аўтобусаў з супрацоўнікамі міліцыі.

14.20. Статкевіч прапанаваў абраць "годны маршрут" для шэсця і абвясціў, што канчатковым пунктам можа быць плошча Незалежнасці. "Вы не супраць?" — спытаў ён у тых, хто сабраўся. Пасля ўхвальнага гулу дэманстранты — каля 150 чалавек — рушылі ў бок плошчы Незалежнасці па тратуары па правым баку праспекта. Пераход калоны каля святлафораў рэгулююць супрацоўнікі ДАІ. Удзельнікі шэсця нясуць аўдыятэхніку, прайграюць песні гуртоў "Ляпіс Трубяцкі" і N.R.М.

Тым часам на Кастрычніцкай плошчы, адкуль дэманстранты ўжо пайшлі, гучаць патрыятычныя песні, а на экране транслююць вялікую выяву дзяржаўнага сцяга.

14.30. Каля будынка КДБ людзі, па прапанове Статкевіча, на хвіліну спыніліся і некалькі разоў праскандавалі: "Свабоду палітвязням!" Далей, каля будынка МУС была аб`яўлена хвіліна маўчання ў памяць пра ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Апазіцыйны палітык Вячаслаў Сіўчык нагадаў, што 29 кастрычніка будзе адзначацца 80-годдзе масавага расстрэлу ў падвалах НКВД прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. "Калі Беларусь стане беларускай, я ўпэўнены, гэты дзень будзе адзначацца як Дзень памяці ахвяр палітычных рэпрэсій", — сказаў Сіўчык.

14.40. Выкрыкваючы лозунгі "Жыве Беларусь!" і "Лукашэнка — дармаед, пакідай свой кабінет", удзельнікі акцыі дайшлі да плошчы Незалежнасці. Там гучыць музыка. Слова ўзяў Статкевіч. Ён паўтарыў патрабаванні да ўладаў — адмяніць дэкрэт "аб дармаедах", спыніць дзедаўшчыну ў арміі, павысіць дабрабыт грамадзян.

Палітык падзякаваў усім, хто прыйшоў на марш, і абвясціў, што наступная акцыя пад эгідай Беларускага нацыянальнага кангрэса адбудзецца 25 сакавіка 2018 года ў гонар стагоддзя абвяшчэння незалежнасці БНР. Мітынг на плошчы доўжыўся некалькі хвілін.

Большасць удзельнікаў акцыі хутка разышліся, але некалькі дзясяткаў чалавек яшчэ застаюцца на плошчы.

15.00. Нешматлікасць сённяшняй акцыі Вячаслаў Сіўчык тлумачыць тым, што людзі запалоханыя. У каментары БелаПАН ён нагадаў, што пасля пратэстаў вясной гэтага года ўдзельнікаў вулічных пратэстаў штрафавалі і каралі адміністрацыйнымі арыштамі. Сіўчык не асуджае людзей, якія не прыйшлі на акцыю. "Але, спадзяюся, што ў неабходны момант яны ўсё ж выйдуць на вуліцы для пратэсту. У любым выпадку мы змагаемся за будучыню Беларусі", — дадаў ён.

Палітык таксама расказаў, што сёння, калі ён ішоў на акцыю, за ім ішоў міліцыянер, аднак, параіўшыся па рацыі, не стаў яго затрымліваць (у Сіўчыка ёсць не адбыты пяцісутачны арышт). "Мяне зусім свядома прапусцілі на плошчу, ва ўладаў ідзе нейкая свая гульня", — сказаў апазіцыянер.

Тым часам апошнія ўдзельнікі акцыі пакінулі плошчу Незалежнасці. Інфармацыі пра затрыманні пакуль няма.

Першы "Марш абураных беларусаў" прайшоў 17 лютага і стаў пачаткам хвалі пратэстаў супраць нашумелага дэкрэта прэзідэнта № 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства", якая пракацілася па краіне. У выніку ўлады вымушаныя былі перагледзець дэкрэт.

Сённяшні марш анансаваў ад імя незарэгістраванага Беларускага нацыянальнага кангрэса Мікалай Статкевіч 8 верасня, калі ў цэнтры Мінска прайшла акцыя супраць беларуска-расійскіх ваенных вучэнняў "Захад-2017".

16 кастрычніка Статкевіч адправіў у Мінгарвыканкам паведамленне аб правядзенні "Маршу абураных беларусаў 2.0". "У адпаведнасці з правам, гарантаваным арт. 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, і падпісанымі нашай краінай міжнароднымі дамовамі паведамляю пра намер Беларускага нацыянальнага кангрэса правесці 21 кастрычніка "Марш абураных беларусаў 2.0", — гаворыцца ў паведамленні.

Статкевіч прапанаваў гарадскім уладам "выканаць патрабаванні Канстытуцыі і забяспечыць бесперашкоднае i бяспечнае правядзенне масавага мерапрыемства".

Варта адзначыць, што некаторыя актывісты, якія маглі стаць удзельнікамі акцыі, цяпер адбываюць адміністрацыйныя арышты. Так, 11 кастрычніка для адбыцця пакарання па раней вынесеных судовых рашэннях у Мінску былі затрыманыя актывіст кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Яўген Афнагель і сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Павел Севярынец. Яны асуджаны на 15 сутак за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 8 верасня і цяпер знаходзяцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў.

Раніцай 21 кастрычніка ў рэгіёнах былі затрыманыя актывісты, якія збіраліся ехаць у Мінск. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у Маладзечне затрыманыя старшыня Мінскай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Аляксандар Абрамовіч і актывіст Аб`яднанай грамадзянскай партыі Генадзь Фарыно. У Баранавічах быў затрыманы актывіст прафсаюза РЭП Рыгор Грык.

Мікалай Статкевіч таксама асуджаны на пяць сутак арышту за ўдзел у акцыі 8 верасня, аднак пакаранне ён не адбыў. Пасля суда палітык не выключыў, што будзе затрыманы для адбыцця пакарання перад сённяшняй акцыяй.
Аляксей Аляксандраў, Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН