Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/21/926030_926031/
Дата раздрукоўкі: 07.12.2019 15:30
21.10.2017 17:38 Грамадства, Палітыка

Удзельнікі IV Беларускага праваабарончага форуму прапанавалі ўладам план па паляпшэнні сітуацыі з правамі чалавека

Мінск, 21 кастрычніка. Удзельнікі IV Беларускага праваабарончага форуму, які завяршыўся 21 кастрычніка ў Вільнюсе, прынялі рэзалюцыю, у якой заклікалі ўлады Беларусі неадкладна зрабіць шэраг захадаў для паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека ў краіне. Тэкст дакумента апублікаваны на праваабарончым сайце spring96.org.

У прыватнасці, уладам прапанавалі спыніць націск на журналістаў і праваабаронцаў, якія выконваюць свае прафесійныя абавязкі; адмяніць забарону на ўезд у краіну праваабаронцы Алене Танкачовай, зарэгістраваць праваабарончы цэнтр "Вясна" і іншыя арганізацыі грамадзянскай супольнасці; адмяніць арт. 193.1 КК (незаконная арганізацыя дзейнасці грамадскага аб`яднання, рэлігійнай арганізацыі або фонду, альбо ўдзел у іх дзейнасці).

Уладам таксама прапанавана задзейнічаць міжнародных экспертаў і прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасці ў прывядзенні ў адпаведнасць з сусветнымі стандартамі заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі ў галіне свабоды слова, мірных сходаў, меркаванняў, асацыяцый.

Удзельнікі форуму заклікалі ўлады закрыць крымінальныя справы ў дачыненні да лідараў прафсаюза РЭП і фігурантаў справы "Белага легіёну"; не ўмешвацца ў дзейнасць адвакатуры; гуманізаваць крымінальна-выканаўчае заканадаўства; прыняць антыдыскрымінацыйнае заканадаўства; увесці мараторый на смяротнае пакаранне; спыніць практыку прымусовай працы і ліквідаваць ЛПП. Акрамя гэтага, перакананыя яны, дзяржаве трэба ўзмацніць абарону правоў людзей з інваліднасцю і дзяцей; забяспечыць рэальную роўнасць дзвюх дзяржаўных моў.

Дзяржаве неабходна "развіваць дыялог з праваабарончай супольнасцю", у тым ліку актывістамі незарэгістраваных арганізацый, шляхам сустрэч, сумеснай працы, кансультацый. "Важным захадам стала б стварэнне грамадска-кансультатыўнага савета па рэалізацыі міжведамаснага плана і далейшая імплементацыя рэкамендацый у рамках Універсальнага перыядычнага агляду і дагаворных органаў ААН", — патлумачылі ў рэзалюцыі дэлегаты форуму.

Уладам таксама варта стварыць нацыянальны інстытут па правах чалавека; запрасіць у краіну спецдакладчыка ААН па правах чалавека ў Беларусі і іншых профільных спецыялістаў; у поўнай меры выконваць узятыя на сябе абавязацельствы ў галіне правоў чалавека; прыняць меры па імплементацыі рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ па рэформе выбарчага заканадаўства.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН