Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/23/926099_12345/
Дата раздрукоўкі: 22.10.2020 23:59
23.10.2017 11:49 Грамадства, Эканоміка

На інтэрнэт-платформе petitions.by пачаўся збор подпісаў за адмену падаткаў на дабрачынную дапамогу

Мінск, 23 кастрычніка. На інтэрнэт-платформе petitions.by пачаўся збор подпісаў за адмену падаткаў на дабрачынную дапамогу для яе атрымальнікаў і ахвярадаўцаў.

Збор подпісаў ініцыявала Міжнароднае асветніцкае грамадскае аб`яднанне "АКТ" у межах кампаніі па змене падатковага заканадаўства для некамерцыйных арганізацый #добротабезналогов.

"У Беларусі дзяржава спрабуе зарабіць на дабрачыннасці. Дапамога, якую атрымліваюць людзі ад грамадскіх арганізацый, абкладаецца падаходным падаткам. Як правіла, гэта тыя, хто знаходзіцца ў складанай жыццёвай сітуацыі, — пажылыя, якія не могуць пражыць на пенсію, дзеці, якія засталіся без бацькоў, людзі, якія маюць патрэбу ў дарагой аперацыі. У многіх краінах дабрачынныя ахвяраванні поўнасцю або часткова вызваляюцца ад падаходнага падатку. Беларусы ж аддаюць грошы на лячэнне дзяцей, дапамогу дзіцячым інтэрнатам, прытулкам для жывёл без якіх-небудзь ільгот", — адзначаюць аўтары петыцыі.

У петыцыі прапануецца адмяніць падаходны падатак на тавары і паслугі, бязвыплатна атрыманыя ад некамерцыйных арганізацый. Згодна з дзейным Падатковым кодэксам грамадзяне, якія атрымалі бясплатную дапамогу ад недзяржаўных арганізацый, павінны заплаціць падаходны падатак. "Гэта значыць, калі грамадская арганізацыя, напрыклад, раздае вопратку бяздомным або дапамагае пажылым людзям, то такая дапамога лічыцца іх прыбыткам, з якога яны абавязаны заплаціць падаходны падатак", — тлумачаць аўтары петыцыі.

Яны таксама прапануюць даць грамадзянам права на сацыяльны падатковы вылік на суму ахвяраванняў НКА ў памеры да 10% ад падаткаабкладанага даходу, каб стымуляваць развіццё дабрачыннасці ў краіне. "Гэта значыць, калі чалавек атрымлівае даход у 1.000 рублёў і робіць ахвяраванне на 100 рублёў, падаходным падаткам будзе абкладацца толькі 900 рублёў. У большасці краін свету дзяржава заахвочвае дабрачынную дзейнасць шляхам падавання падатковых ільгот. У Расіі грамадзяне могуць атрымаць вызваленне ў выглядзе падатковага выліку на суму ахвяраванняў НКА ў памеры да 25% ад падаткаабкладанага даходу, у Латвіі і Германіі — да 20%, у ЗША — да 50% ад падаткаабкладанага даходу. У Беларусі ж развіццё дабрачыннасці ніяк не стымулюецца", — звяртаюць увагу аўтары петыцыі.

Дакумент будзе накіраваны на разгляд у Міністэрства па падатках і зборах і Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

У падтрымку прапанаваных падатковых ільгот выступілі многія грамадскія арганізацыі і актывісты. Пад калектыўным зваротам з такімі прапановамі падпісаліся 74 арганізацыі, якія аб`ядноўваюць больш за 40.000 чалавек. Сярод іх асацыяцыя "БелСетка антыСНІД", Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам, Беларускі дзіцячы хоспіс, МГА "Узаемаразуменне", Ліга добраахвотнай працы моладзі, МГА "Гендарныя перспектывы", грамадская арганізацыя "Ахова птушак бацькаўшчыны" і іншыя.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239