Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/23/926112_12345/
Дата раздрукоўкі: 13.12.2019 14:45
23.10.2017 12:19 Эканоміка

Сямашка: Каб энергетыкам выйсці на нулявую рэнтабельнасць, тарыф на цеплавую энергію трэба павысіць у шэсць разоў

Мінск, 23 кастрычніка. Каб энергетыкам выйсці на нулявую рэнтабельнасць, тарыф на цеплавую энергію трэба павысіць у шэсць разоў, заявіў журналістам 21 кастрычніка ў Гомелі віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка, які прыняў удзел у цырымоніі запуску Гомельскай ЦЭЦ-1 пасля рэканструкцыі.

Паводле яго слоў, калі будзе ліквідаванае перакрыжаванае субсідаванне, то можна, напрыклад, знізіць нагрузку на прадпрыемства адразу на 4,5 цэнта за кВт•гадз. "Аднак зрабіць гэта імгненна нерэальна", — перадае словы віцэ-прэм'ера прэс-служба ўрада.

Сямашка адзначыў, што сёння насельніцтва за спажываную цеплавую энергію ў зімовы час плаціць толькі 16,8% ад сабекошту. "Каб энергетыкам выйсці на нулявую рэнтабельнасць, тарыф неабходна павысіць у шэсць разоў. Хто вытрымае гэта, калі ў адзін момант падняць так тарыф? Менавіта на гэты момант звярнуў увагу прэзідэнт краіны падчас рэспубліканскага семінара аб удасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны і паставіў нам задачу рабіць гэта паэтапна, гэта значыць, па меры росту заработнай платы, росту памеру пенсій і г.д. Над вырашэннем гэтай задачы мы і будзем цяпер працаваць", — канстатаваў намеснік прэм'ер-міністра.

Ён падкрэсліў, што ліквідацыя перакрыжаванага субсідавання дазволіць знізіць фінансавую нагрузку на рэальны сектар эканомікі, паменшыць сабекошт выпусканай прадукцыі, павысіць яе канкурэнтаздольнасць. "Хачу яшчэ раз прывесці агульнавядомы факт. ААТ "МАЗ" плаціць зараз 11,3 цэнта за кВт•гадз электраэнергіі, а КамАЗ — 4,5 цэнта, МАЗ плаціць 268 долараў за 1 тыс. куб. м газу, а КамАЗ — 65. Таму пытанне стаіць у тым, што трэба шукаць спосабы, каб выраўнаваць умовы", — адзначыў Сямашка.

Адкрываючы мадэрнізаваную Гомельскую ЦЭЦ-1, віцэ-прэм'ер адзначыў, што працэнт зносу асноўных фондаў у энергетыцы Беларусі за 25 гадоў знізіўся больш чым удвая. У адпаведнасці з тэорыяй, прымальным лічыцца знос асноўных фондаў да 45%. Паказчык ад 45% да 60% сведчыць пра перадкрызісную сітуацыю, калі ён вышэйшы за 65%, то неабходна быць гатовым да аварыйных сітуацый і сталых збояў у падачы электраэнергіі і цяпла. "У 1993 годзе працэнт асноўных фондаў у энергетыцы краіны складаў 83%, цяпер ён роўны 38%. Гэтыя лічбы з'яўляюцца аргументаваным пацвярджэннем таго, наколькі вялікая ўвага надаецца ў Беларусі развіццю энергетыкі, якая па праву лічыцца стрыжнем эканомікі", — адзначыў Сямашка .

Закранаючы непасрэдна тэму рэканструкцыі Гомельскай ЦЭЦ-1, віцэ-прэм'ер адзначыў важнасць гэтага праекта для арганізацыі бесперабойнасці і надзейнасці цеплазабеспячэння абласнога цэнтра. "У сувязі з вялікімі аб'ёмамі жыллёвага будаўніцтва на левым беразе Сожа паўстала пытанне аб забеспячэнні дамоў ацяпленнем і гарачай вадой. Створаныя новыя магутнасці цалкам закрываюць гэтую тэму", — сказаў намеснік прэм'ер-міністра.

Акрамя таго, праведзеная рэканструкцыя дазволіць дадаткова выпрацаваць электрычную энергію ў аб'ёме 126,7 млн кВт•гадз, за кошт зніжэння ўдзельнага расходу паліва на выпрацоўку электраэнергіі зэканоміць каля 20 тыс. тон умоўнага паліва. Рэалізацыя інвестпраекта дала магчымасць стварыць 38 новых працоўных месцаў, на якія працаўладкаваныя 62 чалавекі.

Фінансаванне будаўніцтва ажыццяўлялася за кошт сродкаў дадатковай пазыкі Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця ў памеры 46,6 млн долараў. Распрацоўкай праектнай дакументацыі, пастаўкай абсталявання і выкананнем ўсяго комплексу будаўніча-мантажных і наладачных работ займаліся згодна з заключаным кантрактам АКАТ "Кітайская машынабудаўнічая інжынірынгавая карпарацыя" і беларускія арганізацыі.

Пра тое, што Беларусь да 2020 года зможа адысці ад перакрыжаванага субсідавання ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы, заявіў Аляксандр Лукашэнка 20 кастрычніка на рэспубліканскім семінары "Аб удасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны". "Мы пастараемся да 2020 года адысці ад перакрыжаванага субсідавання. Гэтага вельмі хоча Сямашка, прамысловы сектар краіны. Калі ласка, мы не супраць. Але вам давядзецца падняць зарплату, прытым істотна. Ці зможаце яшчэ напалову падняць заработную плату да таго, што ёсць, — калі ласка, мы людзям скажам: вось вам дабаўка да заработнай платы i стопрацэнтная аплата. Гульні ў адны вароты быць не павінна", — заявіў Лукашэнка.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН