Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/23/926131_558962/
Дата раздрукоўкі: 22.10.2020 23:52
23.10.2017 13:15 Эканоміка

Лукашэнка даручыў завяршыць уборачныя работы да 7 лістапада

Мінск, 23 кастрычніка. Уборачныя работы павінны быць завершаныя ў Беларусі да 7 лістапада. Такую задачу паставіў Аляксандр Лукашэнка 23 кастрычніка ў Мінску, заслухоўваючы даклад аб мерах па завяршэнні восеньскіх палявых работ у краіне і прапановах аб удасканаленні структуры пасяўных плошчаў у Віцебскай вобласці.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся актуальнымі пытаннямі развіцця аграпрамысловага комплексу краіны і прапанаваў больш шырока зірнуць на гэтую тэму. "Справа не толькі ў вытворчасці, але і ў канкрэтным жыцці людзей, гэта значыць у сацыяльным аспекце", — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Асаблівую ўвагу ён звярнуў на неабходнасць завяршэння ўборачных работ. Было адзначана, што ў цэлым яны ідуць згодна з планам, але разам з тым па некаторых кірунках неабходна паскорыцца. "Хацелася б, каб да 7 лістапада гэтыя работы былі праведзеныя. Застанецца ў вас крыху кукурузы на зерне, а магчыма, паспееце ўбраць, і трохі буракоў", — канстатаваў прэзідэнт.

Наступным этапам павінна стаць падрыхтоўка глебы да веснавых палявых работ. Ад яе якасці будзе залежаць будучы ўраджай, адзначыў Лукашэнка. "Пакуль тут праца арганізаваная дрэнна. Калі верыць статыстыцы, палова перааранага, як ні дзіўна, у Віцебскай вобласці, паднятае зябліва больш за ўсё ў Віцебскай вобласці. Напэўна, так і павінна быць, таму што вясной у Віцебскім рэгіёне, як народ кажа, у поле не ўлезці без ботаў. Таму трэба падрыхтаваць глебу пад сяўбу яравых культур ўжо сёння", — даручыў ён.

Як раней паведамілі ў Белстаце, у сельскагаспадарчых арганізацыях практычна завершаная ўборка зерневых і зернебабовых культур (без кукурузы). На 1 кастрычніка намалочана зерня ў першапачаткова апрыходаванай вазе 7,7 млн тон, або на 9,1% больш, чым на аналагічную дату 2016 года. Сярэдняя ўраджайнасць склала 35,6 цэнтнера з гектара ўбранай плошчы супраць 33,2 цэнтнера ў 2016 годзе.

На пачатак кастрычніка бульба ўбраная з 67% плошчаў, якія падлягаюць уборцы. Накапана бульбы 634,6 тыс. тон, ураджайнасць — 310 цэнтнераў з гектара супраць 262 летась.

Буракі цукровыя ўбраныя з 34,2% плошчаў. Валавы збор цукровых буракоў склаў 1 млн 471,8 тыс. тон пры сярэдняй ураджайнасці 440 цэнтнераў з гектара (на 1 кастрычніка 2016 года — 390 цэнтнераў).

Агародніна ўбраная з 61,5% плошчаў. Вытворчасць агародніны павялічылася на 3% у параўнанні з адпаведным перыядам 2016 года, склаўшы 100,1 тыс. тон, ураджайнасць — 222 цэнтнера з гектара (на 1 кастрычніка 2016 года — 221).

Працягваецца сяўба азімых культур пад ураджай 2018 года і ўзворванне зябліва. На 1 кастрычніка ў сельскагаспадарчых арганізацыях пасеяна азімых зерневых культур на зерне і зялёны корм на плошчы 1 млн 116,1 тыс. га. Пасяўная плошча пад азімы рапс склала 389,8 тыс. га, або на 10,7% больш, чым на аналагічную леташнюю дату. Узворванне зябліва праведзенае на плошчы 93,5 тыс. гектараў.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239