Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/23/926132_12345/
Дата раздрукоўкі: 21.10.2020 22:32
23.10.2017 13:15 Палітыка, Эканоміка

Кіраўнікі ўрадаў краін ЕАЭС 25 кастрычніка ў Ерэване абмяркуюць пытанні фарміравання агульных рынкаў нафты і газу

Мінск, 23 кастрычніка. Прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў возьме ўдзел у пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета, якое пройдзе 25 кастрычніка ў Ерэване, паведамляе прэс-служба ўрада.

Падчас пасяджэння плануецца абмеркаваць "шырокае кола пытанняў функцыянавання інтэграцыйнага аб'яднання" — парадак дня ўключае больш за 15 пунктаў.

У прэс-службе адзначылі, што кіраўнікі ўрадаў Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана і Расіі абмяркуюць пытанні фарміравання агульных рынкаў газу, нафты і нафтапрадуктаў саюза, ініцыятывы ў межах рэалізацыі лічбавай праблематыкі аб'яднання, комплекс мер па супрацьдзеянні нелегальнаму абароту тавараў на мытнай тэрыторыі саюза. Таксама ў цэнтры ўвагі будзе план мерапрыемстваў па ліквідацыі выключэнняў і абмежаванняў у дачыненні да руху тавараў, паслуг, капіталу і працоўнай сілы на 2018—2019 гады.

"Асаблівую ўвагу плануецца надаць разгляду  "дарожнай карты" па рэалізацыі ўзгодненай транспартнай палітыкі дзяржаў саюза на сярэднетэрміновую перспектыву. Сярод іншага на разгляд кіраўнікоў урадаў вынесеныя пытанні фарміравання сістэмы інфармацыйнага абмену ў рамках агульнага электраэнергетычнага рынку саюза, праект пагаднення аб маркіроўцы тавараў сродкамі ідэнтыфікацыі", — удакладнілі ў беларускім урадзе.

У Кабякова таксама запланаваны шэраг двухбаковых сустрэч.

Як паведамлялася, агульныя рынкі газу, нафты і нафтапрадуктаў у краінах ЕАЭС павінны быць сфарміраваныя да 2025 года.

Беларусь неаднаразова заяўляла пра неабходнасць паскорыць стварэнне ў Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС) адзінага рынку газу, нафты і нафтапрадуктаў. Так, у маі 2017 года Кабякоў на пасяджэнні Еўразійскага міжурадсавета ў Казані заявіў, што зафіксаваныя ў дагаворы аб ЕАЭС тэрміны стварэння адзіных рынкаў газу, нафты і нафтапрадуктаў да 2025 года з'яўляюцца "максімальнымі тэрмінамі". "Па дамове аб саюзе агульны электраэнергетычны рынак павінен быць сфарміраваць да 1 ліпеня 2019 года. Стварэнне ж адзіных рынкаў у іншых сумежных сферах аднесенае да 2025 года. З улікам высокай залежнасці рынку электраэнергіі ад рынку газу прапануем распачаць усе неабходныя сумесныя намаганні для паскарэння фарміравання агульнага рынку газу саюза, не чакаючы абумоўленага часу", — заявіў ён.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239