Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/24/926266_12345/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 07:45
24.10.2017 13:03 Грамадства

Брытанскі пасол: Летась беларусам было выдадзена больш за 600 віз для навучання ў Вялікабрытаніі

Мінск, 24 кастрычніка. У 2016 годзе беларусам было выдадзена больш за 600 віз для навучання ў Вялікабрытаніі, паведаміла кіраўнік брытанскага пасольства ў Беларусі Фіёна Гіб у інтэрв'ю БелаПАН.

Яна ўдакладніла, што доўгатэрміновых віз было выдадзена больш за 100, кароткатэрміновых — больш за 500. Звестак за гэты год пакуль няма.

Паводле слоў дыпламата, штогод пасольства атрымлівае вялікую колькасць заявак на ўдзел у стыпендыяльнай праграме Chevening, якая фінансуецца МЗС Вялікабрытаніі і арганізацыямі-партнёрамі. Яна выдаецца ў асноўным на адзін год для атрымання магістарскай ступені ў брытанскіх ВНУ.

"Штогод атрымліваем больш за 100 заявак, адбіраюцца пяць-восем чалавек. Зараз у Вялікабрытаніі навучаюцца восем студэнтаў па гэтай праграме", — паведаміла Гіб.

Кажучы пра супрацоўніцтва ў сферы адукацыі, яна адзначыла, што ў наступным годзе Кентскі ўніверсітэт у партнёрстве з Кембрыджскім універсітэтам распачне новае чатырохгадовае навукова-даследчае партнёрства з БДУ. "Гэта — адзін з прыкладаў супрацоўніцтва. У пасольства няма дастаткова сродкаў, каб стварыць нейкі свой праект. Мы можам падтрымліваць сувязі паміж універсітэтамі, але працаваць над праектамі і развіваць супрацоўніцтва — гэта адказнасць саміх навучальных устаноў", — падкрэсліла Гіб.

Дыпламат дадала, што ёй было б цікава падтрымаць развіццё супрацоўніцтва паміж краінамі ў навуковым сектары. "Напрыклад, паміж вашай Акадэміяй навук і тымі арганізацыямі ў Вялікабрытаніі, якія займаюцца падобнымі тэмамі", — сказала кіраўнік пасольства.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239