Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/24/926314_12345/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 07:49
24.10.2017 14:31 Грамадства, Палітыка

Лукашэнка заяўляе пра наяўнасць праблем з выканальніцкай дысцыплінай сярод дзяржслужачых

Мінск, 24 кастрычніка. Аляксандр Лукашэнка адзначае "наяўнасць праблемных момантаў з выканальніцкай дысцыплінай сярод дзяржслужачых і ў пытанні працы са зваротамі грамадзян". Пра гэта ён заявіў 24 кастрычніка на нарадзе з кіраўніцтвам Адміністрацыі прэзідэнта.

Для абмеркавання на нарадзе былі ўнесеныя некалькі блокаў пытанняў, якія "датычаць кадравай палітыкі, прэстыжу, статусу дзяржаўнай службы". "У вас ёсць прапановы і пытанні. Я гатовы да абмеркавання. Традыцыйна мы будзем абмяркоўваць на падобных нарадах пытанні выканання даручэнняў прэзідэнта. Я перш за ўсё папярэджваў кіраўніка адміністрацыі — у нас праблемы ёсць (не ведаю — ці вялікія, малыя) — сёння зробім высновы па выканальніцкай і, на жаль, працоўнай дысцыпліне нашых дзяржслужачых. Я прасіў праверыць гэтыя пытанні і сёння далажыць", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

Паводле яго слоў, яшчэ адна тэма нарады — якасць працы са зваротамі грамадзян, пра што раней даваліся адпаведныя даручэнні. "Нам трэба нейкую нармальную форму выпрацаваць у працы са зваротамі грамадзян. Усё цягнецца з савецкіх часоў: хтосьці напісаў у Адміністрацыю прэзідэнта або на імя прэзідэнта, хтосьці скардзіцца на мясцовыя органы ўлады, а мы туды адпраўляем для разгляду гэтыя скаргі і заявы. Паток непатрэбны інфармацыі, плацім за гэта грошы, пошта нясе туды гэтыя лісты, потым яны вам дасылаюць назад. А яшчэ і фельд'егерскую сувязь выкарыстоўваем нятанную. Пара гэтаму пакласці канец. І я папрасіў, каб тут былі ўнесеныя канкрэтныя прапановы", — сказаў ён.

Лукашэнка адзначыў, што такія нарады з кіраўніцтвам Адміністрацыі прэзідэнта "будуць насіць традыцыйны характар і праводзіцца прыкладна раз на два месяцы". На мерапрыемства былі запрошаныя дзяржсакратар Савета бяспекі Станіслаў Зась і кіраўнік справамі прэзідэнта Віктар Шэйман.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што на падобных нарадах хацеў бы слухаць не самасправаздачы ад іх удзельнікаў, а ў першую чаргу абмяркоўваць актуальныя пытанні. "Я хацеў бы пабудаваць работу так, каб не было такога меркавання, што немагчыма да прэзідэнта наўпрост данесці рашэнне тых ці іншых пытанняў або паставіць наўпрост перад ім пытанне. Калі ласка, вось форма работы. Прытым вы тут ініцыятары. Калі такіх пытанняў назапасілася мноства, мы можам часцей праводзіць гэтыя сустрэчы", — сказаў ён.

Разам з тым Лукашэнка заўважыў, што і па-за фарматам нарады любы яе ўдзельнік можа ў любы час праінфармаваць прэзідэнтат пра тое ці іншае пытанне. "Тым не менш, такія нарады дазваляюць канкрэтызаваць нейкія напрамкі дзейнасці і прыняць адпаведныя меры, — адзначыў ён. — І папярэджваю ўсіх, што рашэнні, якія мы прымаем тут (хай нават не фармалізаваныя, а вусныя мае рашэньні), павінны безумоўна выконвацца . Зацягваць пытанні ці хаваць іх у доўгую скрыню, пад сукно пакласці не атрымаецца. Тым больш што сёння нам трэба вызначыцца адносна найсур'ёзных напрамкаў нашай працы. Ну і, вядома, гучныя пытанні. Гэта таксама тыя праблемы, якія мы павінны сёння разглядаць".
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239