Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/24/926354_478596/
Дата раздрукоўкі: 03.06.2020 15:21
24.10.2017 15:57 Грамадства, Палітыка

Тэрмін бязвізавага знаходжання ў Беларусі можа быць павялічаны да 30 дзён

Мінск, 24 кастрычніка. "Мы маем намер павялічыць тэрмін знаходжання ў Беларусі без віз да 10 ці нават 30 дзён", — заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей у інтэрв`ю Financial Times.

Тэкст інтэрв`ю апублікаваны на сайце МЗС Беларусі.

Макей нагадаў, што Беларусь увяла пяцідзённы бязвізавы рэжым для грамадзян 80 краін, у тым ліку Еўрасаюза. "Гэта было зроблена намі ў аднабаковым парадку, хоць мы зараз і абмяркоўваем з ЕС заключэнне двух пагадненняў: аб рэадмісіі і аб спрашчэнні візавых працэдур. Наша ініцыятыва закліканая аблегчыць дзелавыя кантакты паміж Беларуссю і ЕС, спрыяць развіццю турызму", — сказаў міністр.

Ён паведаміў, што сітуацыя з бязвізавым рэжымам будзе прааналізаваная да канца года. "Унясем канкрэтныя прапановы кіраўніку дзяржавы, якія тычацца пашырэння бязвізавага рэжыму", — дадаў Макей.

З 12 лютага гэтага года для грамадзян 80 дзяржаў, якія прыбываюць у Мінск паветраным шляхам, на працягу пяці сутак дзейнічае бязвізавы рэжым. Згодна са звесткамі Міністэрства спорту і турызму, турпаток у Беларусь за паўгода вырас на 27% у параўнанні з аналагічным перыядам 2016 года. З моманту ўваходжання ў сілу бязвізавага рэжыму цераз нацыянальны аэрапорт Мінск у Беларусь уехалі 52 тысячы чалавек, паведаміў журналістам 25 верасня намеснік міністра спорту і турызму Міхаіл Партной. Гэта перавысіла чаканні, бо планавалася, што дзякуючы пяці бязвізавым дням турыстычны паток вырасце на 15-20%. Даходы ад турыстычнай дзейнасці сёлета выраслі на 20%.

Тады ж Партной паведаміў, што МЗС вядзе працу над усталяваннем бязвізавага рэжыму на 10 дзён. "Нам неабходныя гэтыя дні, асабліва гэта важна для медыцынскага турызму. Праца складаная, ідзе павольна, таму што гаворка аб нацыянальнай бяспецы. Да канца гэтага года мы спадзяемся закрыць тэарэтычныя пытанні ў гэтай сферы", — сказаў намеснік міністра спорту і турызму.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239