Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/24/926366_123456/
Дата раздрукоўкі: 14.12.2019 06:30
24.10.2017 18:17 Грамадства

Уладзімір Макей: Беларусь ніколі не будзе зачыншчыкам вайны

Мінск, 24 кастрычніка. Беларусь ніколі не стане зачыншчыкам вайны, сказаў кіраўнік МЗС Уладзімір Макей у інтэрв'ю Financial Times, тэкст якога размешчаны на сайце беларускага знешнепалітычнага ведамства.

Пра гэта, адзначыў Макей, неаднаразова заяўляў Аляксандр Лукашэнка "і падчас свайго візіту ва Украіну, і ў рамках сустрэч з прадстаўнікамі іншых краін". "Мы не нясём пагрозы ні нашым суседзям, ні іншым краінам. Калі мы захачам прыйсці ў вашу краіну, сказаў неяк прэзідэнт, мы прыйдзем не на танку, а на трактары. Мне здаецца, гэтыя словы ўсё тлумачаь. Беларусь ніколі не стане зачыншчыкам вайны. Мы не хочам нікога запалохваць, мы хочам уносіць свой уклад у падтрыманне міру і стабільнасці ў Еўропе", — падкрэсліў міністр замежных спраў.

Ён нагадаў, што Лукашэнка вылучыў ідэю запуску новага раунда перамоў у рамках Хельсінскага працэсу — так званыя "Хельсінкі-2". "У цяперашні час гэтая ідэя з'яўляецца непрымальнай для многіх актораў міжнародных адносін па цэлым шэрагу прычын. Аднак рана ці позна, я ўпэўнены, гэтая ідэя будзе прынятая. Нам патрэбны такі фармат, каб пазбягаць канфрантацыі паміж рознымі полюсамі сілы. Нам неабходна сесці за стол перамоў, каб абмеркаваць, як спраўляцца з новымі выклікамі часу", — сказаў Макей.

Шуміха вакол правядзення беларуска-расійскіх ваенных вучэнняў "Захад-2017" была "абсалютна штучнай", заявіў ён. "З самага пачатку мы казалі нашым партнёрам, што вучэнні будуць настолькі транспарэнтнымі, наколькі гэта магчыма. Так яно і было ў рэчаіснасці. Як я ўжо казаў, мы не хочам быць крыніцай праблем для каго б там ні было, мы хочам уносіць свой уклад у мір і стабільнасць у Еўропе, паколькі Беларусі занадта шмат пакутавала ў мінулым, падчас сусветных войнаў", — сказаў кіраўнік МЗС.

Ён адзначыў, што на вучэнні былі запрошаны 85 ваенных назіральнікаў з суседніх краін, розных міжнародных арганізацый, уключаючы АБСЕ і НАТА. "Намі былі праведзены брыфінгі ў штаб-кватэрах АБСЕ і НАТА. Больш за 270 замежных журналістаў прыняло ўдзел у асвятленні вучэнняў. Для нас гэта не было праблемай. Разумееце, армія павінна быць добра навучанай і гатовай рэагаваць на негатыўныя трэнды, якія ўзнікаюць", — падкрэсліў Макей.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН