Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/24/926369_123456/
Дата раздрукоўкі: 11.12.2019 23:42
24.10.2017 18:28 Палітыка, Эканоміка

Макей: Расія з'яўляецца нашым асноўным гандлёва-эканамічным партнёрам, але мы не можам залежаць ад аднаго кірунку

Мінск, 24 кастрычніка. "Расія з'яўляецца нашым асноўным гандлёва-эканамічным партнёрам, але мы не можам быць задаволеныя нашай залежнасцю ад адной крыніцы, аднаго кірунку", — заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей у інтэрв'ю выданню Financial Times.

Тэкст інтэрв'ю апублікаваны на сайце МЗС Беларусі.

"Мы імпартуем паліўна-энергетычныя рэсурсы з Расіі: газ, нафту. У гэтым плане ніхто не можа замяніць нам Расію: ні Еўрапейскі саюз, ні США, ні Кітай, ніхто іншы, — сказаў Макей. — Таму ў пэўны момант намі было прынята рашэнне дыверсіфікаваць нашы гандлёва-эканамічныя адносіны. Мы разумеем, што ва ўмовах сусветнага фінансавага крызісу такім маладым дзяржавам, як Беларусь, неабходна выбудоўваць эканамічныя адносіны з многімі краінамі. У адваротным выпадку ўзнікае залежнасць ад адной дзяржавы і, адпаведна, ад сітуацыі ў гэтай дзяржаве".

Міністр адзначыў, што Беларусь паставіла перад сабой мэту дасягнуць сітуацыі, пры якой траціну гандлю будзе прыпадаць на Расію, траціна — на ЕС і яшчэ траціна — на астатнія краіны свету.

"Паступова сітуацыя мяняецца. Можа быць, не гэтак хутка, як нам бы хацелася. Але гэта ўжо наша праблема, — дадаў Макей. — Гэта мэта шмат у чым тлумачыць наша імкненне выбудоўваць нармальныя эканамічныя адносіны з Еўропай, з Еўрапейскім саюзам. Безумоўна, у Расіі могуць быць некаторыя асобы, якім не даспадобы, што Беларусь імкнецца да большай незалежнасці. Але мне здаецца, усім відавочна, што любая дзяржава імкнецца заставацца незалежнай, умацоўваць сваю незалежнасць, а гэта прадугледжвае дыверсіфікаваныя адносіны з краінамі ў розных рэгіёнах свету".

Кіраўнік МЗС падкрэсліў, што гэтыя пытанні Беларусь адкрыта абмяркоўвае з расійскімі партнёрамі. "Спрабуем ім растлумачыць, што наша імкненне падтрымліваць нармальныя адносіны з Еўрапейскім саюзам не азначае, што мы хочам парваць усе сувязі з Расіяй, нашым стратэгічным партнёрам. Зусім наадварот. Мы хочам умацаваць гэтыя сувязі. Але ў той жа час гэта цалкам нармальна, што мы хочам развіваць супрацоўніцтва, у тым ліку эканамічнае супрацоўніцтва, з нашымі еўрапейскімі партнёрамі", — сказаў Макей.

Пры гэтым ён адзначыў, што ў сітуацыі, калі паміж Расіяй і ЕС, Расіяй і ЗША існуюць рознагалоссі, выкліканыя украінскім крызісам, калі Расія і Еўрасаюз увялі ў дачыненні да адзін аднаго санкцыі, Беларусь "знаходзіцца нібы паміж двух "вялікіх агнёў", паміж двума буйнымі супернікамі. "Гэта аказвае ўплыў на сітуацыю ў нашай краіне. Мы, безумоўна, пакутуем ад сітуацыі, якая склалася, ад узаемных санкцый Расіі і ЕС, найперш з эканамічнага пункту гледжання", — заявіў Макей.

"У існуючых умовах мы спрабуем праводзіць незалежную палітыку, — дадаў ён. — Мы не выступаем правадніком пазіцыі Вашынгтона, Масквы ці Бруселя. Мы прадстаўляем пазіцыю Мінска. Мы б хацелі знайсці пазітыўны баланс у адносінах з Расіяй і нашымі еўрапейскімі партнёрамі. Нам бы не хацелася, каб у нашым рэгіёне ўзнікалі новыя раздзяляльныя лініі. Мы выступаем за выбудоўванне адносін паміж бакамі, якія ў дадзены момант маюць рознагалоссі".

Макей нагадаў, што некалькі гадоў таму Аляксандр Лукашэнка абвясціў ідэю так званай інтэграцыі інтэграцый. "Гэта азначае, што сёння нам неабходна наладзіць нармальнае супрацоўніцтва не толькі паміж дзяржавамі, але таксама і паміж інтэграцыйнымі ўтварэннямі, структурамі, якія існуюць у розных рэгіёнах свету. У Еўропе гэта, з аднаго боку, Еўрапейскі саюз, з другога боку — Еўразійскі эканамічны саюз . Мы прапанавалі нашым партнёрам наладзіць сувязі паміж гэтымі двума інтэграцыйнымі арганізацыямі", — растлумачыў міністр.

Адзначыўшы, што Беларусь пакутуе ад канфрантацыі Расіі і ЕС, ён сказаў: "Але мы спрабуем ўнесці свой уклад у мір і стабільнасць тут, у рэгіёне, і ў Еўропе, мы прапаноўваем канкрэтныя ідэі ў гэтай сітуацыі".
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН