Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/24/926376_445698/
Дата раздрукоўкі: 14.12.2019 06:29
24.10.2017 18:38 Палітыка

Кіраўнік МЗС Беларусі: Адносіны з Кітаем умацоўваюць нашу палітычную і эканамічную незалежнасць

Мінск, 24 кастрычніка. Адносіны з Кітаем умацоўваюць палітычную і эканамічную незалежнасць Беларусі, заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей у інтэрв'ю выданню Financial Times.

Тэкст інтэрв'ю апублікаваны на сайце МЗС Беларусі.

Макей дадаў, што развіццё адносін з Кітаем цалкам адпавядае намеру Беларусі дыверсіфікаваць адносіны з замежнымі партнёрамі. "У нас сапраўды вельмі добрыя адносіны з Кітаем, ёсць шмат сумесных праектаў. Кітайскі бок ніколі не выстаўляў якіх-небудзь умоў для больш актыўнага развіцця нашага супрацоўніцтва, — заўважыў міністр. — Гэта важна з пункта гледжання неабходнасці мець іншую дзяржаву ў якасці надзейнага партнёра і сябра. Важна мець такія адкрытыя і дружалюбныя адносіны паміж дзвюма краінамі".

Паводле слоў Макея, кітайскія партнёры зацікаўленыя ў атрыманні эканамічнай выгады ад супрацоўніцтва з іншымі краінамі, уключаючы Беларусь. "І я не магу сказаць, што нам проста абмяркоўваць з імі пытанні рэалізацыі тых ці іншых праектаў, — сказаў Макей. — Гэта зразумела, бо нашы партнёры зацікаўленыя ў атрыманні выгады ад рэалізацыі сумесных праектаў. Але, я думаю, што гэта справа экспертаў — абмяркоўваць і вырашаць, што магчыма і што немагчыма ў кожнай канкрэтнай сітуацыі. У цэлым жа ў нас ніколі не было цяжкасцяў у адносінах з Кітаем".

Макей адзначыў, што зараз Беларусь і Кітай рэалізуюць сумесны праект стварэння індустрыяльнага парку "Вялікі камень". Паводле яго слоў, шмат кампаній з Кітая, але і з Еўропы таксама выказалі гатоўнасць прыйсці ў парк, у тым ліку з-за вялікіх прэферэнцый для яго рэзідэнтаў.

"Нашы адносіны з Кітаем развіваюцца сапраўды вельмі дынамічна. Сёння Кітай з'яўляецца для нас велізарным рынкам, на які мы можам пастаўляць не толькі тэхніку і абсталяванне, але і харчовыя тавары, — сказаў Макей. — Ужо праз некалькі гадоў цеснага супрацоўніцтва нашым сельскагаспадарчым кампаніям стала выгадна экспартаваць свае тавары ў Кітай. Сёння мы атрымалі кітайскія сертыфікаты на асобныя тавары, напрыклад на мяса і іншую сельскагаспадарчую прадукцыю".

Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства таксама адзначыў, што Беларусь супрацоўнічае з Кітаем у розных галінах, уключаючы ваеннае і тэхнічнае супрацоўніцтва, супрацоўніцтва ў галіне арганізацыі бяспекі. "Такое ўзаемадзеянне дапамагае нам быць мацнейшымі. Дык чаму мы павінны адмовіцца ад яго?" — задаў пытанне Макей.

"У той жа час, — дадаў ён, — у нас наладжанае добрае супрацоўніцтва ў галіне арганізацыі бяспекі і з еўрапейскімі партнёрамі. Я не магу сказаць, што з еўрапейскім краінамі існуюць нейкія асаблівыя адносіны, бо ва ўсіх агульныя праблемы: незаконная міграцыя, транснацыянальная злачыннасць, кантрабанда, наркотыкі і г. д. Асабліва тое, што тычыцца кібербяспекі. Існуе агульнае кола пытанняў супрацоўніцтва паміж спецслужбамі Беларусі і іх кампетэнтнымі партнёрамі ў Еўропе".
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН