Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/24/eu_926259_12345/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2020 10:07
24.10.2017 12:36 Палітыка, Беларусь — Eўрасаюз

Пасол Вялікабрытаніі спадзяецца, што Brexit станоўча паўплывае на адносіны Лондана і Мінска

Мінск, 24 кастрычніка. Brexit можа зрабіць станоўчы эфект на адносіны Вялікабрытаніі і Беларусі. Такое меркаванне ў інтэрв'ю БелаПАН выказала брытанскі пасол у Мінску Фіёна Гіб.

Як лічыць дыпламат, выхад Вялікабрытаніі з Еўрасаюза прынясе больш магчымасцяў яе краіне. "Мы будзем працаваць яшчэ больш актыўна для развіцця нашых адносін з рознымі краінамі, у тым ліку з Беларуссю. Для мяне Brexit будзе станоўчай падзеяй. Як менавіта ён паўплывае на адносіны з Беларуссю, пакуль не магу сказаць, але спадзяюся, што эфект будзе станоўчым", — падкрэсліла пасол.

На рэферэндуме ў 2016 годзе 51,9% брытанцаў прагаласавалі за выхад Вялікабрытаніі з Еўрасаюза. За працяг членства ў ЕС выказаліся 48,1%. Цяпер Вялікабрытанія і ЕС вядуць перамовы адносна ўмоваў выхаду краіны з саюза.

Аляксандр Лукашэнка выказаў сваё стаўленне да Brexit, выступаючы 21 красавіка са штогадовым пасланнем беларускаму народу і парламенту. Паводле яго слоў, выхад Вялікабрытаніі з ЕС "азнаменаваў якасна новыя рэаліі на кантыненце, палітычныя і эканамічныя наступствы, якія еўрапейцам яшчэ трэба асэнсаваць". "Яго прамым следствам робіцца выпрацоўка Еўрасаюзам мадэлі свайго будучага ладу. Зноў паўстала цікавасць да ідэі разнахуткаснай інтэграцыі. Дарэчы, гэтая ідэя вылучаная намі ў свой час, калі зараджаўся ЕўрАзЭС і калі былі спробы адкінуць саюзнае будаўніцтва з Расіяй", — заявіў Лукашэнка. "Мы можам стаць сведкамі новых ліній падзелу ўнутры Еўрапейскага саюза і вакол яго", — дадаў ён.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239