Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/24/eu_926261_12345/
Дата раздрукоўкі: 03.06.2020 15:04
24.10.2017 12:41 Грамадства, Беларусь — Eўрасаюз

Пасол Вялікабрытаніі: Хочам, каб Беларусь стала паўнапраўным членам еўрапейскай сям'і, але ўжыванне смяротнай кары гэтаму перашкаджае

Мінск, 24 кастрычніка. "Мы хочам, каб Беларусь стала паўнапраўным членам еўрапейскай сям'і, але далейшае ўжыванне смяротнага пакарання перашкаджае гэтаму", — заявіла ў інтэрв'ю БелаПАН пасол Вялікабрытаніі Фіёна Гіб.

Яна падкрэсліла, што праблема адмены смяротнага пакарання важная як для Вялікабрытаніі, так і для Еўрасаюза ў цэлым. "Я ведаю, што смяротнае пакаранне існуе ў 23 краінах свету, уключаючы Беларусь. Мы падымаем гэтае пытанне з усімі краінамі, дзе гэты від пакарання ўжываецца, уключаючы і нашых блізкіх партнёраў, напрыклад ЗША. Але асаблівасць Беларусі ў тым, што яна з'яўляецца апошняй краінай у Еўропе, якая выкарыстоўвае смяротнае пакаранне", — дадала Гіб.

Дыпламат адзначыла, што за час сваёй працы ў Беларусі яна бачыць пэўны прагрэс у гэтай сферы. "Цяпер пытанне можна больш адкрыта абмяркоўваць, нават прэзідэнт Лукашэнка закрануў гэтае пытанне ў сваім выступе на адкрыцці Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў ліпені ў Мінску. У параўнанні з тым, што было два гады таму, мне здаецца, мы можам больш адкрыта абмяркоўваць праблему. Па-мойму, гэта прагрэс", — адзначыла Гіб.

Паводле яе слоў, канкрэтным крокам у вырашэнні праблемы стала б увядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне. "Ваша Канстытуцыя прадугледжвае спыненне прымянення смяротнай кары. Я ўпэўненая, што ў будучыні смяротнае пакаранне ў Беларусі адменяць. Але першы крок — гэта, вядома, увядзенне мараторыя. Я не ведаю, калі ўлады на яго вырашацца, але наша праца цяпер — падтрымліваць прагрэс руху да гэтага моманту", — сказала пасол Вялікабрытаніі.

Беларусь — адзіная еўрапейская краіна, якая не ўваходзіць у Савет Еўропы перш за ўсё з-за наяўнасці смяротнай кары. За апошнія 20 гадоў у Беларусі было пакарана больш за 400 чалавек, і толькі аднаго з асуджаных да смяротнага пакарання памілаваў кіраўнік дзяржавы.

У 1993 годзе беларускі парламент атрымаў статус спецыяльнага запрошанага ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, але ў 1997-м быў пазбаўлены яго пасля рэферэндуму, які захаваў смяротнае пакаранне. Еўрапейскія палітыкі не раз заяўлялі, што ўвядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне можа стаць першым крокам на шляху ўступлення Беларусі ў Савет Еўропы.

Выступаючы сёлета ў ліпені на 26-й сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў Мінску, Аляксандр Лукашэнка заявіў: Беларусь "чуе заклікі сусветнай супольнасці" і паступова прыйдзе да адмены практыкі прымянення смяротнай кары.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239