Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/24/eu_eu_926349_445698/
Дата раздрукоўкі: 03.06.2020 15:59
24.10.2017 17:15 Палітыка, Беларусь — Eўрасаюз

Макей: Мы не жадаем залежаць ні ад каго — ці гэта будзе Вашынгтон, Брусель або Масква

Мінск, 24 кастрычніка. "Мы не жадаем залежаць ні ад каго — ці гэта будзе Вашынгтон, Брусель або Масква", — заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей у інтэрв'ю выданню Financial Times. Стэнаграма інтэрв'ю размешчаная на сайце МЗС Беларусі.

"Мы ўсяго толькі хочам праводзіць сапраўды незалежную палітыку, — сказаў Макей. — У гэтым кантэксце нашым інтарэсам адпавядае дыверсіфікацыя гандлёва-эканамічных адносін, і ЕС адыгрывае важную ролю ў нашых планах. І гэта, яшчэ раз падкрэслю, не толькі ў інтарэсах Беларусі, але і ЕС".

Кіраўнік МЗС адзначыў, што ў мінулым у Беларусі былі цяжкасці ў адносінах з Еўрасаюзам. "Але сёння, на шчасце, абодва бакі знайшлі шляхі выйсця з сітуацыі. На пэўным этапе мы прынялі рашэнне аб нармалізацыі нашых адносін, робячы маленькія крокі насустрач адзін аднаму пры тым разуменні, што праблемы прынцыповага характару павінны вырашацца намаганнямі абодвух бакоў, магчыма, у больш аддаленай перспектыве", — сказаў Макей. У сувязі з гэтым ён адзначыў, што паміж Мінскам і Бруселем цяпер ідзе рэгулярны палiтычны дыялог, створаная каардынацыйная група Беларусь — ЕС, у межах якой абмяркоўваецца шырокі спектр пытанняў — ад эканомікі да праваабарончай тэматыкі.

"Беларусь і ЕС маюць агульныя мэты. Мы зацікаўленыя ў тым, каб Беларусь была па-сапраўднаму суверэннай краінай. Думаю, у гэтым зацікаўлены і Еўрапейскі саюз. Што нам для гэтага трэба? Перш за ўсё, нармальнае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва з ЕС і яго краінамі-членамі, — сказаў Макей. — Для Беларусі характэрная адкрытая, арыентаваная на экспарт эканоміка. Мы пастаўляем на экспарт да 60% вырабленых тавараў. Гэта азначае, што мы залежым ад сітуацыі на знешніх рынках".

Еўрасаюз, адзначыў кіраўнік МЗС, з'яўляецца другім па важнасці гандлёвым партнёрам для Беларусі. "За апошнія 13 гадоў тавараабарот паміж Беларуссю і ЕС вырас у тры разы, беларускі экспарт у ЕС — у два з паловай. Мы таксама зацікаўленыя ў Еўрапейскім саюзе як у пастаўшчыку інвестыцый і сучасных тэхналогій у Беларусь", — заявіў ён.

Паводле слоў Макея, нарошчванне гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння з ЕС дазволіць Беларусі ўмацаваць і мадэрнізаваць ўласную эканоміку. "А гэта, у сваю чаргу, будзе садзейнічаць умацаванню нашай палітычнай незалежнасці — таго, чаго мы зараз і дамагаемся", — дадаў ён.

Можна канстатаваць і паляпшэнне эканамічнага ўзаемадзеяння з ЕС, лічыць кіраўнік знешнепалітычнага ведамства. "Мы пачалі больш актыўна супрацоўнічаць з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця, які ўхваліў новую стратэгію супрацоўніцтва для Беларусі, арыентаваную не толькі на падтрымку прыватнага бізнесу, але і ўзаемадзеянне з дзяржавай як з партнёрам. Пры гэтым агульны аб'ём аперацый банка сёлета можа дасягнуць 250 мільёнаў долараў", — сказаў Макей.

"Для нас вельмі важна наладзіць нармальнае супрацоўніцтва з еўрапейскімі фінансавымі інстытутамі. Зноў паўтаруся: гэта ўмацуе беларускую эканоміку і фінансавую сістэму. ЕС таксама абяцаў нам дапамагчы ў пытанні далучэння да Сусветнай гандлёвай арганізацыі", — дадаў міністр замежных спраў Беларусі.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239