Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/25/926502_447856/
Дата раздрукоўкі: 13.07.2020 23:52
25.10.2017 10:39 Эканоміка, Палітыка, Фінансы

Урад РФ: Запазычанасць Беларусі па расійскіх дзяржкрэдытах складае 6,5 млрд долараў

Мінск, 25 кастрычніка. Запазычанасць Беларусі па дзяржаўных крэдытах, якія былі выдзеленыя рэспубліцы Расійскай Федэрацыяй, на пачатак кастрычніка склала 6,5 мільярда долараў. Пра гэта гаворыцца ў інфармацыйных матэрыялах да ўдзелу прэм'ер-міністра РФ Дзмітрыя Мядзведзева ў пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета, якое праходзіць 25 кастрычніка ў Ерэване.

"Па стане на 2 кастрычніка 2017 года сума запазычанасці Рэспублікі Беларусь па дзяржаўных крэдытах, выдадзеных Расійскай Федэрацыяй, склала 6,2 мільярда долараў і 59,9 мільярда рублёў (агульны эквівалент 6,5 мільярда долараў). Пратэрмінаваных абавязацельстваў у Беларусі няма", — прыводзіць вытрымкі з дакумента РИА Новости.

Паведамляецца, што зараз дзейнічаюць восем міжурадавых пагадненняў аб выдзяленні Беларусі расійскіх дзяржаўных крэдытаў: адзін экспартны (на будаўніцтва АЭС) і сем фінансавых; агульная сума выдзеленых крэдытных сродкаў у межах вышэйназваных пагадненняў — больш за 15 мільярдаў долараў.

Як паведамляў БелаПАН, апошні дзяржаўны крэдыт Расійскай Федэрацыі на 700 млн долараў ЗША ў эквіваленце Беларусь атрымала ў верасні. Крэдыт выдадзены ў расійскіх рублях і прызначаны для рэфінансавання абавязацельстваў Беларусі перад Расіяй па раней атрыманай міждзяржаўнай пазыцы.

У цэлым плацяжы Беларусі па знешнім і ўнутраным дзяржаўным доўгу сёлета складаюць прыблізна 3,5 млрд долараў. З іх на плацяжы па знешнім доўгу накіроўваецца 1,8 млрд долараў, унутраным — 1,7 млрд. Самыя буйныя сумы ў кошт пагашэння знешняга дзярждоўгу сёлета Беларусь павінна пералічыць Расіі (741,3 млн долараў), Еўразійскаму фонду стабілізацыі і развіцця (487,9 млн) і Кітаю (381,7 млн).

Знешні дзяржаўны доўг Беларусі на 1 жніўня склаў 15,6 млрд долараў ЗША, павялічыўшыся з пачатку года на 2 млрд долараў, або на 14,3%.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239