Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/25/926589_12345/
Дата раздрукоўкі: 14.07.2020 07:14
25.10.2017 15:54 Эканоміка

Кабякоў: Дадатковыя меры па кантролі за перамяшчэннем санкцыйных тавараў праз Расію выкліканыя прамымі стратамі Беларусі

Мінск, 25 кастрычніка. На пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета 25 кастрычніка ў Ерэване прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў асобна спыніўся на маркіроўцы тавараў сродкамі ідэнтыфікацыі, а таксама на беларускай ініцыятыве па рэалізацыі дадатковых мер кантролю за перамяшчэннем санкцыйных ў Расіі тавараў.

"Неабходнасць дадатковых мер па кантролі за перамяшчэннем тавараў, у дачыненні да якіх Расійскай Федэрацыяй у аднабаковым парадку прымяняюцца спецыяльныя эканамічныя меры, выкліканая нашымі прамымі стратамі", — растлумачыў ён.

"У дачыненні да маркіроўкі тавараў скажу — справа патрэбная. Мы ў Беларусі да гэтай тэмы пачалі падступацца з сярэдзіны двухтысячных гадоў. Напрацавалі сур'ёзны вопыт і тэхналогіі, гатовыя імі дзяліцца. Тут важна атрымаць прадуманы эфект — дзейсны кантроль і не нашкодзіць добрасумленнаму бізнесу", — цытуе Кабякова прэс-служба беларускага ўрада.

Прэм'ер нагадаў, што забарона Рассельгаснагляда на транзіт так званых санкцыйных тавараў, што паступаюць праз беларускія пункты пропуску, на адрас атрымальнікаў у Казахстане і Кыргызстане праз тэрыторыю Расіі дзейнічае з 30 лістапада 2014 года. Гэтае рашэнне "наносіць істотны ўрон транзітнай прывабнасці Рэспублікі Беларусь", заявіў Кабякоў.

"Мы пра гэта заявілі адразу ж і прапанавалі на пляцоўцы Саюза (маецца на ўвазе Еўразійскі эканамічны саюз. — БелаПАН.) распрацаваць комплекс сумесных мерапрыемстваў, які б зрабіў гэты транзіт зноў магчымым. Гэтую тэму мы абмяркоўваем ужо два з паловай гады. Мяркую, што гэта той выпадак, калі партнёры па Саюзе павінны знайсці варыянт рашэння, які дазволіў бы ўлічыць інтарэсы і рэальныя магчымасці ўсіх удзельнікаў працэсу. Мы да гэтага гатовыя, што не раз дэманстравалі ў працэсе абмеркавання праблемы", — падкрэсліў кіраўнік беларускага ўрада.

Варта зазначыць, што з 16 кастрычніка гэтага года Рассельгаснагляд таксама забараніў пастаўкі ў Расію таматаў праз Беларусь з дзевяці краін Афрыкі і Азіі.

22 кастрычніка прадстаўнікі расійскага нагляднага ведамства сумесна з беларускімі калегамі пачалі праверку месцаў захоўвання і вытворчасці памідораў, грыбоў і яблыкаў у Беларусі. Як паведаміла прэс-служба расійскага ведамства, праверка праводзіцца "ў сувязі з павелічэннем аб'ёму паставак на тэрыторыю Расіі таматаў, яблыкаў і грыбоў паходжаннем з Беларусі". Расійскі бок не выключае, што пад выглядам беларускай у Расію можа ўвозіцца прадукцыя, якая падпала пад харчовае эмбарга. Падчас праверкі спецыялісты Рассельгаснагляда плануюць наведаць больш за 30 беларускіх прадпрыемстваў, якія займаюцца вытворчасцю, захоўваннем і рэалізацыяй названых тавараў.

Як паведаміў журналістам 25 кастрычніка начальнік упраўлення знешнеэканамічных сувязяў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Аляксей Багданаў, пакуль Рассельгаснагляд не выстаўляў беларускаму боку сур'ёзных нараканняў падчас інспекцыі.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239