Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/26/926702_102036/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 07:18
26.10.2017 10:31 Грамадства

Пад Баранавічамі пачаўся аператыўны збор каманднага складу Узброеных сіл Беларусі

Мінск, 26 кастрычніка. 26 кастрычніка на базе 230-га агульнавайсковага палігона (Баранавіцкі раён Брэсцкай вобласці) пад кіраўніцтвам міністра абароны Беларусі генерал-лейтэнанта Андрэя Раўкова пачаўся аператыўны збор каманднага складу Узброеных сіл.

Як паведамляе прэс-служба Мінабароны, у мерапрыемстве ўдзельнічаюць прадстаўнікі органаў ваеннага кіравання, камандзіры і начальнікі штабоў злучэнняў і вайсковых часцей, начальнікі ваенных навучальных устаноў, слухачы факультэта Генеральнага штаба ВС, ваенныя камісары.

Як адзначаюць у Мінабароны, аператыўны збор каманднага складу Узброеных сіл з'яўляецца неад'емнай часткай сістэмы падрыхтоўкі ВС. Ён дазваляе падвесці вынікі навучання, абмеркаваць асноўныя напрамкі развіцця тэорыі ваеннага майстэрства і іх праламленне на практыку падрыхтоўкі войскаў, даць рэкамендацыі ў вырашэнні найбольш складаных задач у падрыхтоўцы войскаў (сіл) паводле прызначэння.

Мэтай збору сёлета з'яўляецца выпрацоўка адзінага разумення камандным складам Узброеных сіл паслядоўнасці і спосабаў навучання органаў ваеннага кіравання, войскаў (сіл) з улікам скіраванасці падрыхтоўкі УС у навучальным годзе, арганізацыі паўсядзённай дзейнасці войскаў (сіл) падчас вырашэння пастаўленых задач.

Мерапрыемства пройдзе ў два этапы.

Падчас першага этапу ўдзельнікі азнаёмяцца з асаблівасцямі падрыхтоўкі падраздзяленняў і мясцовай інфраструктуры да вядзення баявых дзеянняў у гарадскіх умовах. Актуальнасць гэтай тэматыкі абумоўленая вопытам ваеннага канфлікту ў Сірыі і на Блізкім Усходзе ў цэлым. У прыватнасці, навучэнцы будуць азнаёмленыя з парадкам падрыхтоўкі да абароны населеных пунктаў, ім прадэманструюць вынікі ўздзеяння інжынерных боепрыпасаў на баявую тэхніку.

Другі этап збору мае тэарэтычны характар. Да каманднага складу Узброеных сіл будуць даведзеныя асноўныя тэндэнцыі развіцця ваенна-палітычнага і стратэгічнага становішча ў рэгіёне, сучасныя погляды на характар войнаў і ваенных канфліктаў будучыні.

"Існымі выклікамі і пагрозамі прадыктаваная неабходнасць перааснашчэння войскаў на сучасныя ўзоры ўзбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі і мадэрнізацыі наяўных, у тым ліку і на прадпрыемствах ваенна-прамысловага комплексу Рэспублікі Беларусь. Таму ўдзельнікі збору будуць азнаёмленыя з асноўнымі напрамкамі тэхнічнага перааснашчэння Узброеных сіл на найбліжэйшую перспектыву", — паведамляе Мінабароны.

Акрамя таго, пільная ўвага будзе нададзеная сацыяльным працэсам, што адбываюцца ў войску, стану правапарадку і дысцыпліны.

Традыцыйна падчас аператыўнага збору пройдзе пасяджэнне калегіі Міністэрства абароны. Будуць падведзеныя вынікі падрыхтоўкі Узброеных сіл да выканання задач паводле прызначэння ў 2016/2017 навучальным годзе, а таксама пастаўленыя задачы на новы навучальны год.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239