Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/26/926729_447856/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 07:44
26.10.2017 12:08 Эканоміка, Фінансы

Мінэканомікі: Прагноз інфляцыі на 2018 год можа быць зніжаны да 6%

Мінск, 26 кастрычніка. Афіцыйны прагноз на 2018 год, які закладвае ўрад, прадугледжвае рост цэн у Беларусі на 7%, але гэты паказчык можа быць скарэктаваны да 6%, заявіў 26 кастрычніка журналістам першы намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Крутой.
"На 2018 год наш прагноз па інфляцыі — 7%. Пакуль гэты прагноз мы пакідаем", — сказаў Крутой у кулуарах III Міжнароднага фінансава-банкаўскага форуму дзяржаў — удзельніц СНД "Мінскія дзелавыя сустрэчы".

У той жа час ва ўрадзе абмяркоўваюць магчымасць зніжэння прагнозу па інфляцыі на 2018 год да 6%. "Але занадта шмат фактараў на гэта ўплываюць — эканамічны рост ўсё-такі яшчэ мае аднаўленчы характар пасля двух гадоў рэцэсіі. Таму сумесна з Нацыянальным банкам мы пакуль не бачым значных рэзерваў па зніжэнні інфляцыі", — растлумачыў Крутой.

Пры гэтым ён лічыць, што зніжэнне інфляцыі у 2018 годзе да ўзроўню 6-7% з'яўляецца пазітыўным сігналам — раней урад планаваў выйсці на гэтыя лічбы ў 2019 годзе.

"Інфляцыя на ўзроўні 7% — гэта дастаткова камфортныя лічбы і пазітыўны сігнал для суб'ектаў гаспадарання, якія пачалі распрацоўваць свае бізнес-планы развіцця на наступны год", — адзначыў Крутой.

Інфляцыя ў гадавым вымярэнні паводле вынікаў верасня 2017 года знізілася да 4,9%, што з'яўляецца мінімальным значэннем за ўсю гісторыю Беларусі. У краінах Еўрасаюза, згодна з прагнозам МВФ, інфляцыя ў 2017 годзе складзе 1,5%.

"На найбліжэйшыя гады зніжэнне інфляцыі да 1,5-2% не варта прагназаваць. Каб інфляцыя ў Беларусі была як у Еўрасаюзе, трэба вырашыць шмат структурных пытанняў. У тым ліку неабходна стварыць адпаведнае канкурэнтнае асяроддзе, а гэта патрабуе перагляду рэгулявання існых натуральных манаполій, алігаполій", — паведаміла БелаПАН крыніца ў органах дзяржкіравання.

Паколькі, дадаў ён, структурныя пытанні хутка вырашыць не ўдасца, інфляцыя ў Беларусі будзе захоўвацца прыкладна на існым узроўні.

"Для нашай краіны рэальныя лічбы па інфляцыі на найбліжэйшыя гады — 4-5%, а далей усё будзе залежаць, як будуць вырашацца структурныя пытанні ў эканоміцы", — адзначыў суразмоўца БелаПАН.

Раней беларускія ўлады паставілі задачу знізіць інфляцыю да 5%. Гэтая мэта прысутнічае ў праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016—2020 гады.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239