Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/26/926789_123456/
Дата раздрукоўкі: 13.12.2019 14:46
26.10.2017 18:22 Грамадства

Віцэ-прэм'ер Жарко заяўляе пра неабходнасць павышаць якасць працоўнага навучання і выхавання ў школе

Мінск, 26 кастрычніка. У школах неабходна павышаць якасць працоўнага навучання, заявіў намеснік прэм'ер-міністра Васіль Жарко на нарадзе, якая прайшла 25 кастрычніка ў Міністэрстве адукацыі.

"Нам неабходна павышаць якасць працоўнага навучання і выхавання ў школе, — цытуе віцэ-прэм'ера прэс-служба міністэрства. — Такую задачу паставіў перад сістэмай адукацыі кіраўнік дзяржавы на Рэспубліканскім педагагічным савеце. Шляхі вырашэння гэтай задачы мы з вамі павінны сёння канкрэтна абмеркаваць".

На думку Жарко, сёння працоўнае выхаванне ў школах страчана. "Тых вучэбных гадзін у базавай школе, якія ёсць на сённяшні дзень, відавочна недастаткова. Не кажучы ўжо пра 10-11-я класы, дзе гэтыя гадзіны на працоўным навучанні наогул не прадугледжаны. У Кодэксе аб адукацыі таксама не прапісана працоўнае навучанне ў старэйшых класах . Гэта пытанне трэба прадумаць", — сказаў ён. Жарко лічыць, што змест вучэбнага прадмета "Працоўнае навучанне" павінен быць "максімальна практыкаарыентаваны і не адставаць ад жыцця".

Па словах віцэ-прэм'ера, доўгі час магчымасць працоўнага навучання давалі мiжшкольныя вучэбна-вытворчыя камбінаты — у 2000 годзе больш за 80% школьнікаў атрымлівалі там прафесійную падрыхтоўку. Выпускнік атрымліваў кваліфікацыю рабочага, пасведчанне і меў магчымасць працаваць па прафесіі. Зараз у некаторых рэгіёнах мiжшкольныя вучэбна-вытворчыя камбінаты рэарганізаваны і перададзены ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, дзе адкрыты аддзяленні дапрафесійнай і пачатковай прафесійнай падрыхтоўкі. Дзесьці яны проста закрыліся.

"Каля 70% старшакласнікаў сёння працоўным навучаннем не ахоплены", — заявіў Жарко.

У міністэрстве лічаць неабходным узяць на асаблівы кантроль выкарыстанне гадзін грамадска карыснай працы для ажыццяўлення прафарыентацыйнай работы з вучнямі з улікам рэальных магчымасцяў школы, запытаў навучэнцаў, патрэб рынку працы, запатрабаванасці прафесій.

Такім чынам, паведамляе прэс-служба, Мінадукацыі сумесна з Міністэрствам фінансаў, кіраўнікамі ўстаноў адукацыі прапрацуюць пытанні арганізацыі працоўнага навучання і выхавання ў старэйшых класах і прымуць адпаведныя рашэнні. Старшакласнікам дадуць пашыраныя магчымасці прафесійнай падрыхтоўкі па шэрагу прафесій. Для гэтага задзейнічаюць неабходныя рэсурсы, у тым ліку і базу прафесійна-тэхнічных устаноў.

У нарадзе прынялі ўдзел міністр адукацыі Ігар Карпенка, намеснік міністра фінансаў Юрый Селіверстаў, прадстаўнікі органаў кіравання адукацыі, устаноў адукацыі абласцей і Мінска.
Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН