Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/27/926948_201047/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 15:55
27.10.2017 13:32 Эканоміка, Грамадства

Калінін: Тарыфы ЖКГ вырастуць не больш як на 5 долараў

Мінск, 27 кастрычніка. Тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі ў Беларусі плануецца традыцыйна павысіць на 5 долараў у эквіваленце ў пачатку 2018 года, іншыя павышэнні пакуль не прадугледжаныя, заявіў журналістам 27 кастрычніка ў Палаце прадстаўнікоў намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Калінін.
"Што да тарыфнай палітыкі, кіраўнік дзяржавы выразна акрэсліў пастаўленую задачу — рост адбудзецца не больш як на 10 беларускіх рублёў (у адной жыроўцы). Сёння гэта невялікая сума, і я ўпэўнены, што мы здолеем стварыць больш сістэмныя меры дзяржаўнай падтрымкі ў першую чаргу для тых катэгорый грамадзян, якія ў ёй найбольш маюць патрэбу. Усё будзе залежаць ад таго, як будзе развівацца эканоміка, з якім вынікам мы будзем працаваць на карысць нашай эканомікі і краіны", — сказаў Калінін.

На пытанне, як урад будзе знаходзіць кампраміс у перамовах аб выдзяленні новага крэдыту з Міжнародным валютным фондам, які патрабуе паскорыць тэмпы павышэння тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі, Калінін адказаў: "Дамаўляцца". "Мы будзем прапаноўваць Міжнароднаму валютнаму фонду тыя меры, якія акрэсліў кіраўнік дзяржавы: паступова, паэтапна, у першую чаргу выконваючы дамоўленасці, і ў той жа час у тарыфнай палітыцы не абцяжарваць нашых грамадзян у аб'ёме плацяжоў", — растлумачыў віцэ-прэм'ер.

20 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка забараніў ўраду павышаць у 2018 годзе тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі без узгаднення з ім. "Стаўлю задачу для ўсіх: з 2018 года праводзіцца разавае павышэнне тарыфаў толькі на 5 долараў і ў далейшым — ніякага росту без майго ведама. Тарыфы павінны быць пад'ёмнымі для народа", — сказаў ён. Лукашэнка таксама заявіў, што "нельга бударажыць насельніцтва размовамі аб стопрацэнтнай кампенсацыі кошту паслуг літаральна з заўтрашняга дня". "Гэта пытанне ў тым ліку і палітычнае, спешка тут недапушчальная", — падкрэсліў ён.

З 26 кастрычніка ў Мінску знаходзіцца місія МВФ, якая прыбыла для правядзення штогадовых кансультацый з уладамі Беларусі адносна сітуацыі ў эканоміцы. Эксперты фонду будуць працаваць да 10 лістапада. Незадоўга да іх прыезду кіраўнік Нацбанка Павел Калаур заявіў, што візіт місіі МВФ мае планавы характар і падчас працы экспертаў у Мінску пытанне аб крэдытнай праграме для Беларусі разглядаць не плануецца. Праграма прадугледжвала фінансавую падтрымку канкрэтных змен у беларускай эканоміцы, якія вызначаныя пяцігадовай праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця, растлумачыў Калаур. "Так, мы разышліся па вызначэнні хуткасці гэтых змен, у прыватнасці па тарыфах (на паслугі ЖКГ. — БелаПАН.)", — сказаў кіраўнік Нацбанка.

Новы крэдыт у 3 млрд долараў ўрад Беларусі запытаў у МВФ у канцы 2015 года. Фонд звязаў даванне крэдыту з правядзеннем комплексу рэформаў у фінансавым сектары і сектары дзяржпрадпрыемстваў. Фонд, у прыватнасці, рэкамендуе паскорыць павышэнне тарыфаў на паслугі ЖКГ.

У ліпені гэтага года афіцыйны прадстаўнік МВФ Вільям Мюрэй заявіў, што перамовы з Беларуссю аб новай крэдытнай праграме прыпыненыя "ў чаканні выразнай падтрымкі неабходных зменаў на высокім узроўні, якія тычацца камунальнай гаспадаркі і сектара дзяржаўных прадпрыемстваў".
Аляксей Алаксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239