Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/27/927046_123456/
Дата раздрукоўкі: 11.12.2019 23:44
27.10.2017 17:21 Грамадства

Справа Рэгнума паступіла ў Мінгарсуд, рашэнне аб даце пачатку слуханняў павінна быць прынятае на працягу месяца

Мінск, 27 кастрычніка. Справа беларускіх аўтараў Рэгнума паступіла ў Мінскі гарадкі суд, паведаміў БелаПАН памочнік старшыні МГС Анастасія Шыльвян.

Паводле яе слоў, рашэнне аб прызначэнні даты пачатку слуханняў павінна быць прынята на працягу месяца, аднак, згодна з заканадаўствам, магчымае і падаўжэнне гэтага тэрміну яшчэ на месяц.

У снежні 2016 года былі затрыманыя і ўзятыя пад варту Юрый Паўлавец, Дзмітрый Алімкін і Сяргей Шыпценка — беларускія грамадзяне, якія рыхтавалі матэрыялы па ўнутрыпалітычнай і эканамічнай сітуацыі ў Беларусі для некаторых расійскіх інтэрнэт-рэсурсаў і СМІ, у тым ліку Рэгнума. Спачатку былі затрыманыя і ўзятыя пад варту два аўтары Рэгнума, а таксама сайтаў "Лента.ру" і "ЕАДэйлі": выкладчык БДУІР Паўлавец (публікаваўся пад псеўданімамі Павел Юрынцаў і Мікалай Радаў) і вартаўнік з Брэста Алімкін (псеўданім Ала Бронь). Затым з'явілася інфармацыя пра затрыманне мінчаніна Шыпценкі (псеўданім Артур Грыгор'еў).

"У ходзе вобыскаў атрыманы даныя аб дачыненні названых асоб да супрацьпраўнай дзейнасці і атрыманні імі грашовых узнагарод за падрыхтоўку заказных публікацый ад грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, які пастаянна жыве ў Маскве. Следства мяркуе, што асноўным матывам іх супрацьпраўнай дзейнасці з'яўлялася матэрыяльная зацікаўленасць", — паведаміў тады Следчы камітэт.

Алімкіну прад'яўлена абвінавачанне во ўчыненні злачынства па ч. 3 арт. 130 КК (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або сваркі, учыненае групай асоб), Паўлаўцу — па ч. 3. арт. 130 КК і ч. 1 арт. 233 КК (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць), Шыпценку — па ч. 3 арт. 130 КК і ч. 1 арт. 233 КК. Чацвёртаму фігуранту справы Юрыю Баранчыку, грамадзяніну Беларусі, шэф-рэдактару Рэгнума, завочна прад'яўлена абвінавачанне па ч. 3 арт. 130 КК, завочна абрана мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту, ён абвешчаны ў міждзяржаўны вышук, хоць вядома, што знаходзіцца ў Расіі.

26 кастрычніка МЗС Расіі заклікала беларускі бок "максімальна адказна" падыходзіць да разгляду крымінальнай справы аўтараў Рэгнума "ў строгай адпаведнасці з узятымі на сябе Беларуссю абавязацельствамі, найперш у плане захавання свабоды выказвання меркаванняў". Заяву зрабіла афіцыйны прадстаўнік знешнепалітычнага ведамства РФ Марыя Захарава.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН