Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/28/eu_eu_927103_12345/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 22:11
28.10.2017 14:56 Грамадства, Беларусь — Eўрасаюз

Бабруйск і італьянскі Іглезіяс сталі пабрацімамі

Мінск, 28 кастрычніка. Бабруйск і італьянскі Іглезіяс сталі гарадамі-пабрацімамі, паведамілі БелаПАН у ганаровым консульстве Беларусі ў Кальяры (Італія).

Новы горад-пабрацім Бабруйска Іглезіяс размешчаны на паўднёвым захадзе Сардзініі, з'яўляецца дзясятым па велічыні горадам на востраве з колькасцю насельніцтва каля 30.000 жыхароў (колькасць насельніцтва ўсяго вострава складае 1.600.000 жыхароў).

Горад Іглезіяс быў заселены з дагістарычных часоў. Упершыню ж сучасная назва горада Іглезіяс была згаданая ў гістарычным дакуменце 5 ліпеня 1272 года. Іглезіяс, з'яўляючыся найважнейшым культурным цэнтрам вострава, змог захаваць сваю сярэднявечную гарадскую структуру, у горадзе дзейнічаюць шматлікія ансамблі сардзінскага фальклору, ансамблі сярэднявечнай музыкі і танцаў, клубы лучнікаў і рыцараў.

Афіцыйнае падпісанне пагаднення аб пабрацімстве адбылося 23 кастрычніка ў гарадской ратушы Іглезіяса падчас візіту ў горад дэлегацыі Бабруйскага гарвыканкама. Мэры Эміліа Гар'яцца і Аляксандр Студнеў замацавалі ўсталяванне сяброўскіх стасункаў. Пагадненне таксама атрымала поўную падтрымку ўрада аўтаномнага рэгіёна Сардзінія, які з'яўляецца самым актыўным італьянскім рэгіёнам у адносінах супрацоўніцтва з Беларуссю.

Падчас свайго знаходжання на Сардзініі дэлегацыя Бабруйска сустрэлася з прадстаўнікамі ўстаноў і культурных асацыяцый Іглезіяса з мэтай развіцця кантактаў і магчымасці абменаў творчымі калектывамі. Бакі дамовіліся аб тым, што з 5 па 8 студзеня 2018 года адзін з творчых калектываў Бабруйска пры падтрымцы муніцыпалітэта Іглезіяса і ганаровага консульства Беларусі будзе запрошаны сардзінскім бокам для правядзення серыі канцэртаў на востраве.

Акрамя таго, адбылася сустрэча з вядучымі прадпрымальнікамі Іглезіяса, якія праявілі вялікую цікавасць да супрацоўніцтва з Бабруйскам і ў цэлым з Беларуссю. Па прапанове мэра Студнева да канца года дэлегацыя прадпрымальнікаў з Іглезіяса ў суправаджэнні мэра горада наведае Бабруйск для знаёмства з яго эканамічнымі рэаліямі і вывучэння магчымых шляхоў супрацоўніцтва ў эканамічным сектары.

З нагоды працоўнага візіту дэлегацыя Бабруйска была прынята ў рэзідэнцыі прэзідэнта аўтаномнай вобласці Сардзінія, а затым сустрэлася з генеральным дырэктарам Асацыяцыі італьянскіх муніцыпалітэтаў ANCI — SARDEGNA — філіял на Сардзініі.

ANCI — SARDEGNA — гэта Асацыяцыя італьянскіх муніцыпалітэтаў, да якой далучаюцца ўсе муніцыпалітэты гэтага італьянскага рэгіёну. Прадстаўнік муніцыпалітэтаў Сардзініі прапанаваў мэру Бабруйска пачаць сумеснае цеснае супрацоўніцтва і працу для таго, каб і іншыя беларускія і сардзінскія гарады змаглі падпісаць новыя пагадненні аб партнёрстве.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239