Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/29/927026_12345/
Дата раздрукоўкі: 20.06.2018 20:32
29.10.2017 07:02 Грамадства

У Беларусі адзначаюць дзень памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій

Мінск, 29 кастрычніка. Беларуская грамадскасць адзначае неафіцыйны дзень памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Ён прымеркаваны да трагічных падзей 80-гадовай даўніны. У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў сутарэннях мінскай унутранай турмы НКУС, дзе зараз размяшчаецца следчы ізалятар КДБ, былі расстраляныя больш за 130 чалавек — навукоўцаў, літаратараў, лекараў, грамадскіх дзеячаў, кіраўнікоў, работнікаў сістэмы адукацыі, будаўніцтва, прамысловасці, гандлю.
Афіцыйна дзень памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій у Беларусі не адзначаецца, хоць, напрыклад, у Расіі яго штогод адзначаюць 30 кастрычніка, ва Украіне — у трэцюю нядзелю мая.

Сёння грамадскія рухі "Разам" і "Дзея" арганізуюць традыцыйны аб'езд месцаў, дзе, паводле звестак гісторыкаў, расстрэльвалі ахвяр рэпрэсій. Збор абвешчаны на 11.00 ля галоўнага ўваходу на Кальварыйскія могілкі ў Мінску. Адтуль ўдзельнікі памятнай акцыі накіруюцца ў Лошыцу, Благаўшчыну, на Вайсковыя могілкі, у Парк Чалюскінцаў і ўрочышчы Курапаты. У кожным з гэтых месцаў адбудуцца кароткія выступы і памінальныя службы. Завершыцца маршрут у 20.00 каля Чырвонага касцёла ў цэнтры Мінска традыцыйнай малітвай за Беларусь.

У 16.40 у Галерэі TUT.BY народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка зачытае першы раздзел "Яўгена Анегіна" — твор Пушкіна на беларускую мову ўпершыню пераклаў Алесь Дудар, расстраляны ў ноч на 30 кастрычніка 1937 году ў Мінску.

У 19.00 у клубе "Бруге" пачнецца канцэрт "(Не) расстраляная паэзія" з удзелам папулярных беларускіх гуртоў Vinsent, Naka, TonqiXod, Pomidor/off і іншых.

У гэты ж час апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч заклікаў суграмадзян прыйсці да будынка КДБ са свечкамі і стаць у "ланцуг памяці".

У 23.00 у Курапатах — месцы масавага расстрэлу ахвяр сталінскіх рэпрэсій — пачнецца акцыя памяці, арганізаваная "Маладым фронтам" (арганізацыя не зарэгістраваная ў Беларусі). Тут будуць названыя імёны расстраляных у тую фатальную ноч, прачытаныя урыўкі з твораў забітых літаратараў, выступяць гісторыкі.

Памятныя мерапрыемствы працягнуцца ў панядзелак. 30 кастрычніка ў 18.30 у Галерэі TUT.BY пачнецца вечар памяці, арганізаваны Саюзам беларускіх пісьменнікаў.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН