Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/30/927252_102065/
Дата раздрукоўкі: 07.07.2020 06:49
30.10.2017 12:10 Грамадства

Аляксандр Лукашэнка павіншаваў народнага артыста СССР Валянціна Елізар'ева з 70-годдзем

Мінск, 30 кастрычніка. Аляксандр Лукашэнка павіншаваў народнага артыста СССР Валянціна Елізар'ева з 70-годдзем.

"Ваша імя непарыўна звязанае са станаўленнем, вышэйшымі дасягненнямі і сусветным прызнаннем беларускага балета. Створаныя Вамі спектаклі ўвайшлі ў залаты фонд нацыянальнай харэаграфіі, карыстаюцца нязменным поспехам і выклікаюць незабыўныя ўражанні ў гледачоў", — цытуе віншаванне прэс-служба прэзідэнта.

Лукашэнка адзначыў, што дзейнасць Елізар'ева скіраваная на выхаванне новых пакаленняў майстроў сцэны, якія дастойна прадстаўляюць Беларусь на прэстыжных міжнародных конкурсах, дзе атрымліваюць самыя высокія ўзнагароды. "Вы з'яўляецеся прыкладам самаадданага служэння мастацтву", — гаворыцца ў віншаванні.

Валянцін Елізар'еў — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, уладальнік ордэнаў Дружбы народаў, Айчыны II і III ступені, Францыска Скарыны, медалёў Дружбы, Пушкіна, Benedictus XVI Pont Max Anno III, ЮНЕСКА "Пяць кантынентаў", прэмій Усесаюзнага і Міжнароднага конкурсаў балетмайстраў, прыза Benois de la danse Міжнароднай асацыяцыі танца, Нацыянальнай тэатральнай прэміі, узнагароджаны ганаровымі граматамі і нагруднымі знакамі вышэйшай вартасці. Прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. З 1996 года член Савета Еўропы па культуры, акадэмік Міжнароднай славянскай акадэміі (Масква). З 1997 года акадэмік Пятроўскай акадэміі навукі і мастацтваў (Санкт-Пецярбург).

На беларускай сцэне Елізар'еў паставіў балеты "Кармэн-сюіта", "Стварэнне свету", "Тыль Уленшпігель", "Спартак", "Шчаўкунок", "Карміна Бурана", "Балеро", "Вясна свяшчэнная", "Рамэа і Джульета", "Дон Кіхот", "Страсці (Рагнеда)", "Жар-птушка", "Сонная прыгажуня". Ён таксама ставіў спектаклі ў Ленінградзе, Маскве, Варшаве, Любляне, Анкары, Стамбуле, Каіры, Токіа і іншых гарадах свету. Стварыў больш за 60 харэаграфічных мініяцюр ў Расіі і ва Украіне.

У студзені 2009 года Елізар'еў абвясціў аб сыходзе з пасады дырэктара і мастацкага кіраўніка беларускага тэатра балета, якую займаў доўгія гады. Услед за ім тэатр пакінула яго жонка Маргарыта Ізворска-Елізар'ева — кіраўнік тэатра оперы. Нагодай для іх адставак стала тое, што пры зліцці тэатраў оперы і балета Елізар'еву прапанавалі пасаду мастацкага кіраўніка балетнай трупы, а не кіраўніка тэатра.

Летам 2016 года славуты расійскі харэограф Юрый Грыгаровіч накіравала Аляксандру Лукашэнку ліст з просьбай вярнуць Елізар'ева ў оперны тэатр. Пра адказ прэзідэнта нічога не паведамлялася.

Вялікі тэатр Беларусі, якому Валянцін Елізар'еў прысвяціў 35 гадоў жыцця, адзначыць юбілей балетмайстра двума падзеямі. 31 кастрычніка будзе паказаны балет "Спартак" у новай рэдакцыі. Харэографам і пастаноўшчыкам выступіў юбіляр. Гэта першае супрацоўніцтва Елізар'ева з калектывам пасля яго сыходу з тэатра. 2 лістапада адбудзецца юбілейны вечар з удзелам зорак сусветнага і беларускага балета.

Белтэлерадыёкампанія да 70-годдзя майстра выпусціла фільм пра яго.

Для падрыхтоўкі святкавання юбілею балетмайстра ў Міністэрстве культуры Беларусі быў створаны аргкамітэт.
Ирына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239