Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/30/927264_12345/
Дата раздрукоўкі: 15.07.2020 06:04
30.10.2017 13:11 Фінансы, Эканоміка

Банкі павялічылі аб'ём крэдытавання насельніцтва ў паўтара разу

Мінск, 30 кастрычніка. Аб'ём крэдытаў, выдадзеных банкамі на спажывецкія патрэбы за дзевяць месяцаў гэтага года, павялічыўся на 48,8% — пра гэта сведчаць даныя Нацыянальнага банка. Паводле прагнозаў эканамістаў, рост аб'ёмаў спажывецкага крэдытавання будзе працягвацца.
На 1 кастрычніка запазычанасць фізічных асоб па спажывецкіх крэдытах склала рэкордныя 2,56 млрд рублёў. З пачатку гэтага года паказчык запазычанасці вырас на 868,6 млн рублёў, або на 48,8%.

Улады наўрад ці будуць абмяжоўваць спажывецкае крэдытаванне, лічыць эксперт Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Дзмітрый Крук.

"Унутранае спажыванне дзяржава цяпер разганяе, каб дазволіць насельніцтву кампенсаваць зніжэнне ўзроўню дабрабыту ў 2015—2016 гады. Гэта мэтанакіраваная палітычная задача дзяржавы ў 2017 годзе, таму ў такіх умовах наўрад ці будуць прымацца меры па абмежаванні ўнутранага попыту і, у прыватнасці, спажывецкага крэдытавання", — адзначыў Крук.

Аналітыкі расійскага "Ашчадбанка" таксама лічаць, што беларускія банкі зацікаўленыя нарошчваць партфель спажывецкіх крэдытаў.

"Ва ўмовах слабага фінансавага стану буйных карпаратыўных пазычальнікаў банкі ссоўваюць крэдытную актыўнасць у сегмент фізічных асоб. Пратэрміноўка ў гэтым сегменце значна ніжэйшая, чым у іншых. Доля праблемнай запазычанасці прыватных кампаній (паводле даных Нацбанка) складае 9%, дзяржкампаній — 5%, а фізічных асоб — усяго 1%", — гаворыцца ў вераснёвым эканамічным аглядзе, які падрыхтаваў Цэнтр макраэканамічных даследаванняў "Ашчадбанка".

Паводле інфармацыі БелаПАН, найбольшыя аб'ёмы спажывецкіх крэдытаў выдаюць "Прыёрбанк", "Беларусбанк" і "МТБанк" — на іх долю прыпадае каля 40% крэдытаў, выдзеленых насельніцтву на спажывецкія патрэбы.

Банкіры таксама канстатуюць ўстойлівы рост попыту насельніцтва на такія крэдыты. "Насельніцтва не хоча зніжаць ўзровень спажывання, таму істотнае зніжэнне працэнтных ставак на крэдыты прыводзіць да росту попыту на гэтыя прадукты. Працэнтныя стаўкі па крэдытных рэсурсах працягваюць ісці ўніз, і гэта толькі разагравае рынак спажывецкага крэдытавання", — растлумачыў БелаПАН прадстаўнік банкаўскіх колаў.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239