Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/30/927296_12345/
Дата раздрукоўкі: 27.05.2019 05:56
30.10.2017 15:24 Палітыка

Народны мастак Беларусі Георгій Паплаўскі памёр у Мінску на 87-м годзе жыцця

Мінск, 30 кастрычніка. Народны мастак Беларусі, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук і Расійскай акадэміі мастацтваў Георгій Паплаўскі памёр 29 кастрычніка ў Мінску на 87-м годзе жыцця.

Як паведаміў БелаПАН старшыня Беларускага саюза мастакоў (БСМ) Рыгор Сітніца, развітанне з памерлым пройдзе ў сераду, 1 лістапада, у будынку Акадэміі навук. Час цырымоніі ўдакладняецца.

Георгій Паплаўскі нарадзіўся 15 лютага 1931 года ў Роўне (Украіна). У 1955 годзе скончыў Мінскае мастацкае вучылішча (цяпер Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя Аляксея Глебава), у 1961-м — Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў).

У сярэдзіне 1960-х выкладаў у Беларускім політэхнічным інстытуце (цяпер Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт). У 1988 годзе ўзначаліў графічную майстэрню ўстановы "Творчыя акадэмічныя майстэрні жывапісу, графікі і скульптуры" пры Міністэрстве культуры.

У 1970 годзе мастака ўзнагародзілі прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі, у 1977-м — удастоілі звання заслужанага дзеяча мастацтваў БССР. Ордэн Дружбы народаў Паплаўскаму ўручылі ў 1986 годзе, а званне народнага мастака Беларусі прысвоілі ў 1997-м. Ён таксама ўзнагароджваўся дзяржаўнай прэміяй Беларусі, медалём Францыска Скарыны і прэміяй Саюзнай дзяржавы.

Паплаўскі працаваў у розных тэхніках станковай і кніжнай графікі, жывапісу. Вядомасць яму прынеслі, у першую чаргу, графічныя цыклы, сярод якіх "Памяць" (1968), "Браслаўшчына — край азёрны" (1971—1998), "Камандзіры" (1973), "Азёрны край" (1975), "Мора Берынга"(1979), "Час доўгіх нажоў" (1982), "Чарнобыль. Дрэвы нерухомыя" (1987). Мастак аформіў мноства кніг з творамі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Аркадзя Куляшова, Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава, Алеся Адамовіча.

Работы Георгія Паплаўскага захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, фондах БСМ, Міністэрства культуры РФ, Маскоўскім музеі выяўленчых мастацтваў імя Пушкіна, Цэнтральным доме мастака ў Маскве, Рускім музеі ў Санкт-Пецярбургу, музеях Смітсанаўскага інстытута ў Вашынгтоне.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН