Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/30/927314_12345/
Дата раздрукоўкі: 18.06.2018 00:47
30.10.2017 16:50 Грамадства

У Барысаве затрыманы праваабаронца Алег Мацкевіч, які патрабаваў адстаўкі міністра абароны

Мінск, 30 кастрычніка. 30 кастрычніка ў Барысаве (Мінская вобласць) пры правядзенні адзіночнага пікета быў затрыманы праваабаронца Алег Мацкевіч.

Як паведамляе праваабарончы сайт spring96.org, Мацкевіч патрабаваў адстаўкі міністра абароны Беларусі Андрэя Раўкова і прыцягнення да крымінальнай адказнасці ўсіх вінаватых у смерці салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча. Перад акцыяй ён размясціў на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку" здымак плаката з надпісам: "Кажуць, што ў чалавека заўсёды ёсць выбар. Сёння ў мяне яго няма. Я пайшоў".

На гэты момант вядома, што затрыманага даставілі ў Барысаўскі РАУС.

Заяўку на правядзенне 30 кастрычніка на цэнтральнай плошчы Барысава, насупраць будынка Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання, пікета Мацкевіч накіраваў у Барысаўскі гарвыканкам 13 кастрычніка. Гарадскія ўлады адказалі адмовай.

21-гадовага Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі са звязанымі нагамі і надзетай на галаву майкай 3 кастрычніка ў склепе ў вайсковай частцы ў Печах пад Барысавам. 5 кастрычніка следства ў якасці першапачатковай версіі назвала суіцыд. Сваякі з гэтым не пагадзіліся і заявілі пра гвалтоўны характар смерці.

У выніку Следчы камітэт распачаў справу па ч. 3 арт. 443 КК (парушэнне статутных правілаў узаемаадносін паміж асобамі, на якіх распаўсюджваецца статус ваеннаслужачага, пры адсутнасці адносін падпарадкаванасці, якое пацягнула цяжкія наступствы). Камітэт разглядае тры версіі таго, што здарылася: давядзенне да самагубства, забойства і самагубства. У межах расследавання крымінальнай справы затрыманыя 10 чалавек. Начальнік 72-га гвардзейскага аб'яднанага вучэбнага цэнтра падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў у Печах палкоўнік Канстанцін Чарнецкі 20 кастрычніка быў вызвалены ад пасады ўказам прэзідэнта.
Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН