Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/31/927389_12345/
Дата раздрукоўкі: 03.06.2020 16:04
31.10.2017 11:30 Эканоміка

Нацыянальная экспазіцыя Беларусі ўпершыню прадстаўленая на буйной міжнароднай выставе на Кубе

Мінск, 31 кастрычніка. Нацыянальная экспазіцыя Беларусі 30 кастрычніка пачала працу ў межах міжнароднай выставы FIHAV, якая праходзіць на Кубе па 3 лістапада.

Па сваёй значнасці FIHAV уваходзіць у тройку найбуйнейшых выставачных мерапрыемстваў у Лацінскай Амерыцы, адзначылі ў прэс-службе ўнітарнага выставачнага прадпрыемства "Белінтэрэкспа". Штогод у выставе бяруць удзел больш за 4 тыс. кампаній з 60 краін, у тым ліку з Бразіліі, Вялікабрытаніі, В'етнама, Іспаніі, Канады, Кітая, Мексікі, Расіі, Украіны, Францыі, Чэхіі, Чылі, Эквадора, ПАР.

Нацыянальная экспазіцыя Беларусі на Кубе прадстаўленая ўпершыню. 30 кастрычніка адбылася цырымонія яе адкрыцця, у якой узялі ўдзел міністр прамысловасці Віталь Воўк і пасол Беларусі на Кубе Аляксандр Аляксандраў. У беларускую дэлегацыю ўвайшлі намеснік старшыні Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Вячаслаў Брыль, генеральны дырэктар холдынгу "Белфармпром" Валерый Шаўчук, кіраўнікі беларускіх прамысловых прадпрыемстваў.

З кубінскага боку ў цырымоніі адкрыцця беларускай экспазіцыі ўзялі ўдзел высокія прадстаўнікі міністэрства знешняга гандлю і замежных інвестыцый, Гандлёвай палаты Кубы, дзяржаўных органаў і дзелавых колаў.

"Галоўная мэта для прамысловасці Беларусі — больш актыўна ўваходзіць на рынак Кубы. Для гэтага ёсць усе перадумовы. За апошні час з'явіліся новыя партнёры, новыя механізмы. З улікам устаноўкі кіраўніка дзяржавы на шчыльную працу з Кубай я ўпэўнены, што мы рэалізуем гэтыя амбіцыйныя планы", — адзначыў Воўк.

На яго думку, у найбольшай ступені для кубінскага рынку цікавая тэхніка "МАЗ", "Амкадор", "МТЗ", "Гомсельмаш". "Наогул ўся прадукцыя, якая сёння вырабляецца ў Беларусі, можа быць запатрабаваная на кубінскім рынку. Дамоўленасці ёсць, аднак усё вельмі няпроста, і ёсць шмат перагаворных працэсаў, якія найбліжэйшым часам рэалізуюцца", — сказаў міністр.

Падчас цырымоніі адкрыцця было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Беларускай гандлёва-прамысловай палатай і Гандлёвай палатай Кубы.

Нацыянальную экспазіцыю складаюць больш за 20 удзельнікаў — прадпрыемствы, падведамасныя Мінпраму, Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях, арганізацыі Міністэрства адукацыі і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, РУП "Белмедпрэпараты" і РНПЦ радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека, Беларускі дзяржаўны універсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі (прадстаўляе актуальныя для Лацінскай Амерыкі прыборы і сістэмы вібрацыйнага кантролю будынкаў і збудаванняў для ацэнкі рызык узнікнення надзвычайных сітуацый).

Беларускай дэлегацыяй запланаваны шэраг сустрэч і перамоў з кіраўнікамі шасці міністэрстваў і дзяржаўных ведамстваў Кубы.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239