Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/31/927440_12345/
Дата раздрукоўкі: 03.06.2020 15:25
31.10.2017 13:31 Эканоміка, Фінансы

Знешні дзярждоўг дасягнуў новага гістарычнага максімуму

Мінск, 31 кастрычніка. Знешні дзяржаўны доўг Беларусі на 1 кастрычніка склаў 16,3 млрд долараў ЗША. З пачатку года ён павялічыўся на 2,7 млрд долараў, або на 19,5%, паведамляе Міністэрства фінансаў. Цяперашні памер знешняга дзярждоўгу з'яўляецца гістарычным максімумам для Беларусі.
У студзені—верасні прыцягнутыя знешнія дзяржаўныя пазыкі на 3.417,2 млн долараў ЗША: 1.400 млн долараў — еўрааблігацыі; 1.096,2 млн долараў — урад і банкі Расійскай Федэрацыі; 600 млн долараў — Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця; 194,5 млн долараў — банкі КНР; 122,6 млн долараў — МБРР; 3,9 млн долараў — ЕБРР і Паўночны інвестыцыйны банк (ПІБ).

На пагашэнне знешняга дзярждоўгу з пачатку 2017 года накіравана 821,1 млн долараў ЗША: 289,3 млн долараў ЗША — ураду Расійскай Федэрацыі; 264,8 млн долараў — Еўразійскаму фонду стабілізацыі і развіцця; 221,3 млн долараў — банкам КНР; 44,5 млн долараў — МБРР; 0,7 млн долараў — ЗША; 0,5 млн долараў — ЕБРР і ПІБ.

Унутраны дзярждоўг на 1 кастрычніка склаў 9,4 млрд рублёў, зменшыўшыся з пачатку года на 0,8 млрд рублёў, або на 8%.

За студзень—верасень 2017 года размешчана ўнутраных валютных дзяржаўных аблігацый для юрыдычных і фізічных асоб на 416,2 млн долараў ЗША. Пагашана валютных і рублёвых дзяржаўных аблігацый для юрыдычных і фізічных асоб на 997,9 млн долараў ЗША і 172,4 млн рублёў.

У цэлым дзяржаўны доўг Рэспублікі Беларусь на 1 кастрычніка склаў 41,4 млрд рублёў і павялічыўся ў параўнанні з пачаткам 2017 года на 4,4 млрд рублёў, або на 12%.

Як адзначаюць эксперты, Беларусь даўно трапіла ў даўгавую пятлю — сітуацыю, калі новыя пазыкі накіроўваюцца на абслугоўванне і пагашэнне старых. Таму, нягледзячы на значныя штогадовыя выплаты, знешні дзярждоўг Беларусі не скарачаецца, а толькі расце. Сукупныя штогадовыя плацяжы па валютным дзярждоўгу ўжо некалькі гадоў перавышаюць 3 млрд долараў. Беларуская эканоміка не ў стане генерыраваць такую колькасць замежнай валюты, таму даводзіцца пастаянна пазычаць, канстатуюць эксперты.

Дзярждоўг Беларусі (у адносінах да ВУП) набліжаецца да парога эканамічнай бяспекі. Так, яшчэ на 1 мая 2017 года без уліку наступных буйных запазычанняў дзярждоўг складаў 38,6% да ВУП пры парогавым значэнні 45%. Пастаянны рост дзяржаўнага доўгу стаў сур'ёзнай праблемай для бюджэту.

У 2018 годзе Беларусі трэба накіраваць на выплаты па дзярждоўгу 3,7 млрд долараў (супраць 3,4 млрд у 2017-м).
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239