Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/31/927457_147852/
Дата раздрукоўкі: 03.06.2020 15:58
31.10.2017 15:07 Грамадства

Беларусы патрабуюць зрабіць Дзяды непрацоўнымі днямі

Гомель, 31 кастрычніка. На платформе zvarot.by пачаўся збор подпісаў пад петыцыяй "Зрабіць Дзяды непрацоўным днём — даць магчымасць ушанаваць продкаў!".

У звароце гаворыцца пра неабходнасць вярнуць выхадныя дні 1 і 2 лістапада, калі беларусы ўшаноўваюць памяць продкаў (дні памінання Дзяды), а каталікі адзначаюць Дзень Усіх Святых і дзень памінання.

2 лістапада быў непрацоўным днём з моманту абвяшчэння незалежнасці Беларусі, але ў 1996 годзе быў выкраслены са спіса выхадных.

Аўтары звароту адзначаюць, што ў першыя лістападаўскія дні ў большасці рэгіёнаў Беларусі людзі прыходзяць на могілкі, каб прыбраць магілы і ўшанаваць памяць продкаў. Калі Дзяды былі непрацоўным днём, гэта давала магчымасць грамадзянам выканаць свой доўг сумлення і памяці, ушанаваць продкаў, паклапаціцца аб добраўпарадкаванні могілак. Абавязак наведаць могілкі цяжка выканаць у сучасных умовах адсутнасці непрацоўнага дня 1 або 2 лістапада, адзначаюць аўтары петыцыі.

У звароце гаворыцца, што праваслаўныя вернікі маюць свой дзень памяці продкаў — Радаўніцу, якая афіцыйна з'яўляецца выхадным. Больш за тое, кіраўніцтва дзяржавы перад Радаўніцай пераносіць працоўныя дні, каб праваслаўным было зручна выканаць свае абавязкі па прыбіранні магіл і шанаванні продкаў. Каталікі, якія, як і многія беларусы, адзначаюць Дзяды 1 і 2 лістапада паводле старажытнай традыцыі, пазбаўленыя такой магчымасці, што дае падставы казаць пра дыскрымінацыю гэтай дэнамінацыі.

"У мэтах дасягнення сацыяльнай справядлівасці ў грамадстве, захавання добразычлівых адносін паміж прадстаўнікамі розных канфесій, рэалізацыі канстытуцыйнага права на свабоду сумлення, навядзення парадку на зямлі шляхам добраўпарадкавання могілак, выхавання моладзі ў духу павагі да продкаў патрабуем зрабіць 1 і 2 лістапада непрацоўнымі днямі ў Беларусі пачынаючы з 2018 года і замацаваць гэта адпаведным нарматыўна-прававым актам", — гаворыцца ў петыцыі, якая будзе накіраваная ў Савет міністраў і Адміністрацыю прэзідэнта.

З раніцы 31 кастрычніка пад петыцыяй падпісаліся 140 чалавек.
Алена Германовіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239