Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/31/927494_478569/
Дата раздрукоўкі: 22.11.2019 11:13
31.10.2017 17:10 Эканоміка, Фінансы

Беларусь апусцілася на 38-е месца ў рэйтынгу Сусветнага банка Doing Business — 2018

Мінск, 31 кастрычніка. Беларусь за год апусцілася на адну пазіцыю і заняла 38-е месца ў новым даследаванні Сусветнага банка "Вядзенне бізнесу — 2018" (Doing Business — 2018). Вынікі даследавання прэзентаваныя 31 кастрычніка ў Мінску.
Як паведаміла журналістам суаўтар даследавання Валянціна Салтане, у параўнанні з мінулым годам метадалогія даследавання практычна не змянялася і некаторае пагаршэнне пазіцыі Беларусі ў рэйтынгу абумоўленае тым, што іншыя краіны больш актыўна праводзілі рэформы з мэтай паляпшэння ўмоў для вядзення бізнесу.

"Невялікае паніжэнне пазіцыі Беларусі ў рэйтынгу абумоўленае тым, што іншыя краіны за апошні год праводзілі больш актыўную рэфармацкую дзейнасць. Сёлета мы залічылі Беларусі толькі адну рэформу, якая тычыцца індыкатара "атрыманне крэдытаў", — паведаміла Салтане. У Беларусі, удакладніла эксперт, было прынятае заканадаўства для стварэння адзінага рэестра рухомай маёмасці, абцяжаранай закладам.

Яна звярнула ўвагу, што Беларусь у рэйтынгу займае высокія пазіцыі па такіх індыкатарах, як "рэгістрацыя ўласнасці", "забеспячэнне выканання кантрактаў", "атрыманне дазволаў на будаўніцтва".

"Індыкатары, па якіх у вашай краіны параўнальна нізкія пазіцыі, — "падаткаабкладанне" (Беларусь па гэтым параметры займае 96-е месца), "вырашэнне неплацежаздольнасці" (на 68-м месцы) і "атрыманне крэдытаў" (90-е месца)", — сказала Салтане.

Эксперт Сусветнага банка канстатавала, што Беларусь раней больш актыўна рэфармавала заканадаўства з мэтай паляпшэння ўмоў для вядзення бізнесу.

"У справаздачы Doing Business — 2009 мы канстатавалі шэсць рэформаў у Беларусі, у даследаванні за 2010 год — пяць рэформаў, у 2011-м — чатыры рэформы, у 2012-м — тры рэформы, і пасля гэтага актыўнасць у Беларусі па правядзенні рэформаў знізілася. І сёлета была залічаная краіне толькі адна рэформа", — адзначыла Салтане.

Адказваючы на пытанне БелаПАН аб тым, якая верагоднасць уваходжання Беларусі ў трыццатку найлепшых краін у свеце па ўмовах вядзення бізнесу (адпаведную задачу ставяць улады), прадстаўнік Сусветнага банка адзначыла, што гэта залежыць ад хуткасці правядзення адпаведных рэформаў.

"Мы ведаем, што дваццаць іншых краін, паводле нашай інфармацыі, таксама хочуць увайсці ў трыццатку найлепшых краін па ўмовах вядзення бізнесу, гэта значыць канкурэнцыя дастаткова вялікая. Мы бачым, што краіны, якім удалося гэта зрабіць, праводзілі дастаткова актыўныя рэформы на працягу многіх гадоў", — сказала Салтане.

"Трэба, магчыма, звярнуць увагу на тыя індыкатары, па якіх Беларусь не ўваходзіць у трыццатку найлепшых краін у свеце, і ажыццяўляць адпаведныя змены", — адзначыла эксперт.

У прыватнасці, дадала яна, Беларусь сёння займае 96-е месца ў свеце па ўзроўні падаткаабкладання, і гэта звязанае з адносна высокім падатковым цяжарам. "Агульная стаўка падаткаў і збораў у адносінах да прыбытку арганізацыі ў Беларусі складае 52,9%, у Еўропе і Цэнтральнай Азіі гэты паказчык складае 33,1%, у краінах АЭСР з высокім узроўнем даходаў — 40,1%, гэта значыць па велічыні падаткаў Беларусі ёсць куды рухацца", — канстатавала Салтане.

Яна паведаміла, што найлепшымі краінамі для вядзення бізнесу, на думку Сусветнага банка, сёння з'яўляюцца Новая Зеландыя, Сінгапур, Данія, Карэя, Ганконг, ЗША, Вялікабрытанія, Нарвегія, Грузія, Швецыя.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН