Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/10/31/927522_123456/
Дата раздрукоўкі: 14.11.2019 12:00
31.10.2017 18:52 Палітыка

Ускладанне вянка да мемарыяла памяці загінулых воінаў у Абу-Дабі стала галоўным пратакольным мерапрыемствам візіту Лукашэнкі ў ААЭ

Мінск, 31 кастрычніка. Аляксандр Лукашэнка сёння ўсклаў вянок да мемарыяла памяці загінулых воінаў у Абу-Дабі. Гэта падзея стала галоўным пратакольным мерапрыемствам рабочага візіту кіраўніка дзяржавы ў Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, адзначаецца ў паведамленні прэс-службы беларускага прэзідэнта.

Урачыстая цырымонія прайшла з удзелам зводнай роты ганаровай варты. Лукашэнка ўсклаў вянок да манумента і ўшанаваў памяць загінулых за краіну герояў хвілінай маўчання.

Пры наведванні мемарыяла яго суправаджаў дырэктар службы па справах сем'яў пакутнікаў Адміністрацыі наследнага прынца Абу-Дабі шэйх Халіфа бен Тахнун Бэн Мухамед аль-Нахаян. Лукашэнка азнаёміўся з архітэктурнымі асаблівасцямі комплексу і зрабіў запіс у Кнізе ганаровых гасцей. Затым бакі абмяняліся падарункамі.

Мемарыял размешчаны насупраць Вялікай мячэці шэйха Заіда і ўяўляе сабой архітэктурную кампазіцыю з 31 панэлі, што абапіраецца адна на адну, на якіх нанесены імёны загінулых воінаў. Манумент з'яўляецца нацыянальным і культурным арыенцірам, ён увасабляе сабой каштоўнасці адзінства і салідарнасці нацыі.

27 кастрычніка прэс-служба прэзідэнта паведаміла, што Лукашэнка наведвае Аб'яднаныя Арабскія Эміраты з рабочым візітам. Акрамя таго, "улічваючы сяброўскі характар узаемаадносін", з боку кіраўніцтва Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў "атрымана запрашэнне на адрас Аляксандра Лукашэнкі традыцыйна некалькі дзён пагасціць у ААЭ".

Апошні раз Лукашэнка наведваў ААЭ ў лістападзе 2016 года.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН