Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/11/01/927578/
Дата раздрукоўкі: 01.12.2020 23:46
01.11.2017 10:33 Грамадства

За супрацоўніцтва з "Радыё Рацыя" складзены пратакол на журналістку Тамару Шчапёткіну

Мінск, 1 лістапада. Адміністратыўны пратакол складзены 31 кастрычніка на журналістку-фрылансара Тамару Шчапёткіну з Бярозы (Брэсцкая вобласць), паведамляе праваабарончы сайт spring96.org. Яна абвінавачваецца ў працы на замежнае СМІ, "Радыё Рацыя", без акрэдытацыі  (артыкул 22.9 КоАП).

У прыватнасці, паводле інфармацыі "Радыё Рацыя", Шчапёткіна прысутнічала на судовым пасяджэнні па іску былога міліцыянера Кобрынскага РАУС, цяперашняга юрыста "Гарадзец-Агра" Анатоля Джыгі да даяркі гэтай гаспадаркі Вольгі Сышчаніцы. Пратакол складзены ўчастковым інспектарам Кобрынскага РАУС Юрыем Свідуновічам, адзначыла Тамара Шчапёткіна.

"Я была выкліканая ў Кобрынскі РАУС, дзе мне паведамілі, што супраць мяне рыхтуецца адміністрацыйная справа, — сказала яна. — Склалі пратакол за працу на замежнае СМІ на тэрыторыі Беларусі без акрэдытацыі. Я не згодная з пратаколам, паколькі лічу, што гэты артыкул закона "Аб сродках масавай інфармацыі" не тычыцца журналістаў, а тычыцца выданняў".

Шчапёткіна неаднаразова каралася штрафамі паводле ч. 2. арт. 22.9  (незаконны выраб і распаўсюджванне прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі). Яна лічыць гэта палітычным пераследам за працу па тэматыцы парушэння правоў людзей органамі ўлады. Справа будзе разглядацца ў Бярозаўскім судзе. Дата суда пакуль не прызначаная.

Як паведамлялася, 30 кастрычніка за супрацоўніцтва з польскім тэлеканалам "Белсат", які вяшчае на Беларусь, аштрафаваныя чатыры журналісты-фрылансары — Ганна Аземша, Аляксандр Баразенка, Андрэй Козел і Вольга Чайчыц. Такое рашэнне 30 кастрычніка прыняла суддзя суда Цэнтральнага раёна Мінска Вікторыя Шабуня. Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, з пачатку 2017 года судамі вынесена 50 рашэнняў у дачыненні да журналістаў-фрылансараў за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі.
Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239