Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/11/02/927782_12345/
Дата раздрукоўкі: 17.11.2019 09:52
02.11.2017 10:21 Эканоміка, Палітыка

Лукашэнка ў Абу-Дабі сустрэўся з Парашэнкам

Мінск, 2 лістапада. Аляксандр Лукашэнка 2 лістапада сустрэўся ў Абу-Дабі (ААЭ) з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам.
"У гандлёва-эканамічных адносінах мы вельмі актыўна супрацоўнічаем. Наш тавараабарот ужо, нягледзячы на рознага роду праблемы і перашкоды, склаў больш за 3 млрд долараў, напэўна, дзесьці 3,5 млрд долараў будзе на сённяшні дзень. Але ў нас ёсць вельмі добрая магчымасць пашырыць супрацоўніцтва за кошт узаемадзеяння рэгіёнаў", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта Беларусі.

Новы імпульс развіццю адносін паміж краінамі, упэўнены афіцыйны беларускі лідар, дасць першы форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны, які рыхтуюцца правесці ў Гомелі.

"Што тычыцца палітычнага ўзаемадзеяння, то ў нас увогуле праблем няма. Мы абсалютна прытрымліваемся таго курсу, па якім дамовіліся ісці", — падкрэсліў Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што нават на вялікай адлегласці ад сваіх краін прэзідэнты знайшлі магчымасць сустрэцца і разгледзець праблематыку адносін. "Сёння ў нас ёсць магчымасць абмеркаваць тыя пытанні, якія, магчыма, маюць патрэбу ў дадатковым імпульсе з нашага боку. Я хачу вас запэўніць, што мы заўсёды былі людзьмі адказнымі: калі мы абяцаем, мы гэта робім. Я хачу гэта вам гарантаваць і на будучыню", — заявіў Лукашэнка.

Парашэнка адзначыў актыўную працу над рэалізацыяй раней дасягнутых дамоўленасцяў, пачынаючы ад пытанняў дэмаркацыі і заканчваючы гандлёва-эканамічным супрацоўніцтвам. "Я гэтае пытанне трымаю на кантролі", — падкрэсліў прэзідэнт Украіны. Ён выказаў задавальненне ў сувязі з тым, што бакі пашыраюць узаемадзеянне па розных напрамках, уключаючы эканоміку і сацыяльную сферу.

Лукашэнка наведвае Аб`яднаныя Арабскія Эміраты з рабочым візітам. Падчас паездкі запланаваныя перамовы беларускага кіраўніка з кіраўніцтвам краіны, а таксама шэраг сустрэч з прадстаўнікамі бізнес-колаў. Пётр Парашэнка знаходзіцца ў ААЭ з рабочым візітам 1—2 лістапада. Напярэдадні ён здзейсніў афіцыйны візіт у Саудаўскую Аравію.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН