Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/11/02/927808_895623/
Дата раздрукоўкі: 01.12.2020 23:19
02.11.2017 13:40 Палітыка

На сесіі Генасамблеі ААН прынятая ініцыяваная Беларуссю рэзалюцыя аб забароне распрацоўкі і вытворчасці новых відаў зброі масавага знішчэння

Мінск, 2 лістапада. Першы камітэт 72-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН прыняў абсалютнай большасцю галасоў рэзалюцыю аб забароне распрацоўкі і вытворчасці новых відаў зброі масавага знішчэння, ініцыяваную Беларуссю.

За прыняцце дакумента "Забарона распрацоўкі і вытворчасці новых відаў зброі масавага знішчэння і новых сістэм такой зброі: даклад Канферэнцыі па раззбраенні" прагаласавалі 173 ўдзельнікі, супраць — тры, паведамляе прэс-служба МЗС.

Адзначаецца, што Беларусь рэгулярна (на трохгадовай аснове) уносіць гэты дакумент на разгляд Першага камітэта Генасамблеі ААН. Рэзалюцыя скіраваная на прасоўванне ідэі прадухілення гонкі ўзбраенняў і ўдасканаленне міжнародна прызнаных працэдур, якія дазваляюць прасочваць сітуацыю з магчымай распрацоўкай новых відаў зброі масавага знішчэння.

"Ухвалены дакумент адлюстроўвае прыхільнасць дзяржаў — членаў ААН палітыцы прадухілення з'яўлення новых відаў зброі масавага знішчэння і прадугледжвае прыняцце адпаведнага механізму рэагавання з прыцягненнем патэнцыялу Канферэнцыі ААН па раззбраенні", — гаворыцца ў паведамленні МЗС.

Суаўтарамі беларускай рэзалюцыі выступілі 35 дзяржаў рэгіёнаў Еўропы, Афрыкі, Азіі, Лацінскай Амерыкі, што сведчыць пра шырокую міжнародную ўхвалу ініцыятыў Беларусі ў сферы бяспекі, раззбраення і нераспаўсюджвання, падкрэслілі ў прэс-службе МЗС.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239