Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/11/02/927817_12345/
Дата раздрукоўкі: 02.12.2020 00:13
02.11.2017 13:50 Эканоміка

Каля 300 чалавек бяруць удзел у беларуска-кітайскім маладзёжным інавацыйным форуме ў Мінску

Мінск, 2 лістапада. Каля 300 чалавек удзельнічае ў IV беларуска-кітайскім маладзёжным інавацыйным форуме "Новыя гарызонты 2017", які праходзіць 2—3 лістапада ў Мінску.

Як паведаміў на адкрыцці форуму старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Аляксандр Шумілін, у пачатку 2018 года плануецца правядзенне конкурсу сумесных беларуска-кітайскіх навуковых праектаў. Лепшыя праекты, у тым ліку маладых вучоных Беларусі і Кітая, атрымаюць фінансавую падтрымку для іх рэалізацыі.

"Пляцоўка форуму дасць магчымасць не толькі ўмацаваць кантакты моладзі, але і знайсці патэнцыйных партнёраў для распрацоўкі і рэалізацыі сумесных навуковых праектаў у розных галінах", — адзначыў Шумілін.

Паводле яго слоў, для падтрымкі ў першую чаргу моладзевых і студэнцкіх стартапаў Дзяржкамітэт па навуцы і тэхналогіях і Міністэрства навукі і тэхнікі КНР дамовіліся аб стварэнні кітайска-беларускага цэнтра па інкубаванні інавацыйных праектаў на базе БНТУ і кітайска-беларускага індустрыяльнага парку "Вялікі камень". Мадэль стварэння і дзейнасці цэнтра будзе складацца з трох асноўных этапаў. На першым этапе фармуецца пералік інавацыйных праектаў і іх рэалізацыя на базе цэнтра, які ўключае стартап-цэнтр, экспертны савет, каворкінг-цэнтр і лабараторыю хуткага прататыпавання. Другім этапам з'яўляецца стварэнне на аснове перспектыўных інавацыйных праектаў новых інавацыйных арганізацый і іх развіццё на базе цэнтра. Наступны этап — гэта размяшчэнне высокатэхналагічных вытворчасцяў і іх падтрымка ў індустрыяльным парку.

Шумілін таксама нагадаў, што ў Мінску 23—25 мая праходзіў II Форум Асацыяцыі навукова-тэхналагічных паркаў, зон высокіх і новых тэхналогій "Шаўковы шлях". На ім бакі падпісалі пагадненне аб стварэнні міжнароднага беларуска-кітайскага цэнтра трансферу тэхналогій, а таксама тры дакументы аб стратэгічным супрацоўніцтве паміж беларускімі і кітайскімі суб'ектамі інавацыйнай інфраструктуры. Яшчэ адно пагадненне — па стварэнні сумеснага беларуска-кітайскага прадпрыемства па распрацоўцы і вытворчасці беспілотных авіяцыйных комплексаў — было падпісана ў рамках работы кітайска-беларускага цэнтра камерцыялізацыі інавацый (удзельнікі — ДКНТ, НАН Беларусі і СЗАТ "Кампанія па развіцці індустрыяльнага парку"). У стадыі ўзгаднення знаходзяцца дакументы па стварэнні вытворчасці прафілактычных харчовых фітасоляў з паніжаным утрыманнем хлорыстага натрыю (выканаўца з беларускага боку УП "Унітэхпрам БДУ"). Вядзецца таксама праца па стварэнні ў Беларусі сумеснага навукова-даследчага цэнтра з кампаніяй Huawei.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239