Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/11/02/927828_456987/
Дата раздрукоўкі: 03.12.2020 10:16
02.11.2017 15:33 Эканоміка

Прадпрыемствы "Белнафтахіма" ў студзені—верасні павялічылі экспарт тавараў больш як на 17%

Мінск, 2 лістапада. Прадпрыемствы "Белнафтахіма" ў студзені—верасні экспартавалі тавараў на 5,6 млрд долараў ЗША, або на 17,1% больш, чым у студзені—верасні 2016 года, паведаміў старшыня канцэрна Ігар Ляшэнка 2 лістапада на пасяджэнні савета канцэрна.

Паводле яго слоў, забяспечаны рост экспарту хімічнай і нафтахімічнай прадукцыі на 11,2%.

"У выніку мер па нарошчванні экспартных паставак на маржынальныя рынкі, кансалідацыі функцый галіновай тавараправоднай сеткі і стабілізацыі расійскага рубля большасць арганізацый хімічнай галіны забяспечылі ў справаздачным перыядзе значны рост экспартнага продажу ў вартасным выражэнні", — цытуе кіраўніка канцэрна прэс-служба ведамства

Паводле яго слоў, на прадпрыемствах "Полацк-Шкловалакно" рост склаў 11%, "Магілёўхімвалакно" — 10,7%, "Лакафарба" — 22,3%, "СветлагорскХімвалакно" — 9,8%, "Гродна Азот" — 7,5%.

"Удалося нарасціць фізічныя аб'ёмы экспарту па такіх таварных пазіцыях, як вугляродныя матэрыялы (на 23,3%), фторысты алюміній (на 22,9%), комплексныя ўгнаенні (на 13,4%), капралактам (на 14,7%), шклотканіны і сеткі (на 5,5%), шкловалакно (на 38,1%)", — адзначыў Ляшэнка.

Сальда знешняга гандлю таварамі станоўчае. Рост экспарту паслуг чакаецца на ўзроўні 17,2%.

Як паведаміў Ляшэнка, за студзень—верасень гэтага года арганізацыямі канцэрна выраблена прамысловай прадукцыі ў фактычных цэнах на 13,17 млрд рублёў, што на 11,6% больш, чым за адпаведны перыяд 2016 года. Прамвытворчасць у супастаўных цэнах у цэлым па канцэрне знізілася на 0,5% да ўзроўню студзеня—верасня 2016 года, што "абумоўлена графікам перапрацоўкі нафты на беларускіх НПЗ".

За дзевяць месяцаў здабыта 1 млн 236 тыс. тон нафты (на 0,2% больш). Забяспечаны прырост вытворчасці алеяў нафтавых змазачных на 11,6%, бензіну АІ-95 — на 4,1%, бітумаў — на 24,9%, мачавіны (карбаміду) — на 0,6%, угнаенняў — на 12,7%, тканін са шкловалакна — на 12,4%, шын для аўтобусаў або грузавых аўтамабіляў — на 3,4%.

Канцэрн выканаў нарматыў па зніжэнні запасаў гатовай прадукцыі. Запасы не перавысілі 14% да сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці і знізіліся з пачатку года на 0,4%.

Удзельная вага інавацыйнай прадукцыі ў агульным аб'ёме адгружанай прадукцыі склала 47%, што "значна перавышае даведзены паказчык". Узровень выдаткаў на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі па арганізацыях канцэрна за студзень—верасень 2017 года знізіўся да аналагічнага перыяду 2016 года на 3,2%. Эканомія паліўна-энергетычных рэсурсаў склала 97 тыс. тон умоўнага паліва.

Аб'ём прыцягнення прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове па відах дзейнасці, якія курыруе канцэрн, прагназуецца на ўзроўні 110 млн долараў ЗША. Доля канцэрна ў агульнай дэбіторскай запазычанасці рэспублікі знізілася да 3,8%. Арганізацыямі канцэрна выкарыстана больш за 1,014 млрд рублёў інвестыцый у асноўны капітал (на 3,8% больш).

Сярэднямесячная заработная плата за студзень—верасень 2017 года склала па канцэрне 1.096,4 рубля.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239