Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/11/03/927943_12345/
Дата раздрукоўкі: 26.02.2020 01:40
03.11.2017 09:49 Культура, Грамадства

Лукашэнка накіраваў прывітанне ўдзельнікам мерапрыемстваў з нагоды 135-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа

Мінск, 3 лістапада. Аляксандр Лукашэнка накіраваў прывітанне ўдзельнікам урачыстых мерапрыемстваў з нагоды 135-годдзя з дня нараджэння славутага пісьменніка, народнага паэта Беларусі, класіка нацыянальнай і сусветнай літаратуры Якуба Коласа, паведаміла прэс-служба прэзідэнта.

"Адзін з заснавальнікаў сучаснай мастацкай прозы, аўтар знакамітых паэтычных шэдэўраў, ён стаў сапраўдным народным песняром, сімвалам велічы і культурнага багацця нацыі. Таленавіты майстар слова адлюстраваў у сваіх творах самыя высокія чалавечыя пачуцці, мудрасць і лепшыя рысы характару беларусаў, шчырую любоў да роднай мовы", — гаворыцца ў прывітанні.

Лукашэнка падкрэсліў, што жыццё і літаратурная дзейнасць Якуба Коласа — "прыклад самаадданага служэння народу і Айчыне". А яго творчая спадчына "па праве лічыцца крыніцай духоўнасці і натхнення для многіх пакаленняў".

"Упэўнены, урачыстыя мерапрыемствы будуць спрыяць захаванню, развіццю і папулярызацыі нацыянальнай культуры, умацаванню адзінства грамадства і праслаўленню новых яркіх літаратурных талентаў", — адзначыў прэзідэнт.

Як паведаміла Міністэрства культуры, урачыстыя мерапрыемствы праходзяць з 31 кастрычніка па 4 лістапада. 3 лістапада ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбудзецца святочны канцэрт "Спяшайцеся з паэтам стрэцца..." з удзелам вядучых мастацкіх калектываў і выканаўцаў рэспублікі, у 15.00 на плошчы Якуба Коласа ў Мінску адбудзецца ўскладанне кветак да помніка паэту.

4 лістапада на малой радзіме Якуба Коласа ў Стаўбцоўскім раёне (філіял "Мікалаеўшчына", Стоўбцы) у 10.00 пачнецца рэспубліканскае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў "То — водгулле душы паэта...", удзел у якім возьмуць прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі: пісьменнікі, паэты, артысты, мастакі, супрацоўнікі музеяў, навукоўцы і мастацкія калектывы.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН