Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/11/03/927998_12345/
Дата раздрукоўкі: 26.02.2020 01:29
03.11.2017 14:49 Грамадства

200 чалавек былі эвакуяваныя з будынка міжнароднага цэнтра тэхнапарка "Палітэхнік" у Мінску з-за пажару

Мінск, 3 лістапада. З-за пажару ў адміністрацыйным будынку ў Мінску былі эвакуяваныя 200 чалавек.

Як паведаміла прэс-служба Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС, 3 лістапада ў 11.44 на нумар 101 паступіла паведамленне пра пажар у памяшканні электрашчытавой на цокальным паверсе адміністрацыйнага будынка па вуліцы Сурганава, 37, корпус 1. "У будынку спрацавала светлавая і гукавая сігналізацыя, а таксама апавяшчэнне голасам пра пажар, дзякуючы якім да моманту прыбыцця падраздзяленняў МНС адміністрацыяй аб'екта ўжо былі эвакуяваныя  200 чалавек, якія знаходзіліся ў будынку", — адзначаецца ў паведамленні.

На ліквідацыю пажару ратавальнікам спатрэбілася каля 10 хвілін. У выніку загарання ў электрашчытавой пашкоджаная электраправодка плошчай 1 пагонны метр. Пажар не распаўсюдзіўся за межы гэтага памяшкання. Пацярпелых няма. Пасля ліквідацыі ўсе эвакуяваныя вярнуліся на свае месцы. Прычына здарэння высвятляецца.

У доме па Сурганава, 37, корпус 1, размешчаны міжнародны цэнтр Навукова-тэхналагічнага парку БНТУ "Палітэхнік", Культурна-асветніцкі і гісторыка-адукацыйны цэнтр БНТУ, навукова-інжынірынгавы цэнтр "ЭнергаТэх". Будынак быў нядаўна адрэстаўраваны. 3 жніўня тут адкрыўся міжнародны цэнтр. На цырымоніі адкрыцця журналістам паведамілі, што ў стварэнне цэнтра і рэканструкцыю будынка было ўкладзена 2 млн долараў. У тэхнапарку размяшчаюцца кампаніі-рэзідэнты, якія займаюцца інжынерна-тэхнічнымі распрацоўкамі.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН