Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/11/04/928104_102057/
Дата раздрукоўкі: 21.01.2021 17:10
04.11.2017 11:19 Грамадства

Белстат: Сярэдні ўзрост беларускіх мужчын за шэсць гадоў вырас з 36,8 да 37,3 года

Мінск, 4 лістапада. Сярэдні ўзрост мужчын Беларусі на пачатак гэтага года склаў 37,3 года, гаворыцца ў аглядзе Нацыянальнага статыстычнага камітэта, прысвечаным Сусветнаму дню мужчын, які сёлета прыпадае на 4 лістапада.

Для параўнання: на пачатак 2011 года гэта паказчык складаў 36,8 года.

На 1 студзеня 2017 года колькасць мужчын у Беларусі склала 4 млн 426,5 тыс., або 46,6% агульнай колькасці насельніцтва. Як і раней, тры чвэрці мужчынскага насельніцтва — гараджане, кожны пяты мужчына жыве ў Мінску. Прычым у гарадах мужчынскае насельніцтва значна маладзейшае, чым ў сельскай мясцовасці (сярэдні ўзрост гараджаніна на пачатак 2017-га — 36,3 года, вяскоўца — 41 год).

На пачатак гэтага года сярэдні ўзрост беларускіх мужчын быў на 5,3 года менш, чым сярэдні ўзрост жанчын. Сярод рэгіёнаў самае маладое мужчынскае насельніцтва жыве ў сталіцы (сярэдні ўзрост мужчын — 35,8 года).

Чаканая працягласць жыцця ў мужчын склала ў 2016 годзе 68,9 года. З 2006 года разрыў у паказчыках чаканай працягласці жыцця мужчын і жанчын скараціўся з 11,9 да 10,1 года.

Беларусь адносіцца да той катэгорыі краін, дзе на працягу доўгага перыяду часу колькасць мужчынскага насельніцтва меншая за колькасці жаночага: на 1.000 мужчын прыпадае 1.147 жанчын.

На пачатак гэтага года ў працаздольным узросце знаходзіліся 64,6% агульнай колькасці мужчынскага насельніцтва (сярод гараджан — 65,8%, вяскоўцаў — 60,7%). Пераважна мужчынскімі з'яўляюцца такія віды эканамічнай дзейнасці: будаўніцтва — 80,2% у колькасці працоўных у арганізацыях (без мікраарганізацый); транспартная дзейнасць, складаванне, паштовая і кур'ерская дзейнасць — 62,8%; сельская, лясная і рыбная гаспадарка — 60,7%; прамысловасць — 57,4%; інфармацыя і сувязь — 54,4%.

Сярод мужчын, якія працуюць у арганізацыях, вышэйшую адукацыю маюць 26,8%, кожны чацвёрты — прафесійна-тэхнічную, амаль кожны пяты — сярэднюю спецыяльную.

У 2016 годзе шлюб ўзялі 64,5 тыс. беларускіх мужчын. Яны аддаюць перавагу ствараць сем'і ва ўзросце 25—29 гадоў (кожны трэці мужчына, які ўзяў шлюб) і 20—24 гады (кожны чацвёрты). Упершыню стварылі сям'і 46,1 тыс. мужчын, з іх 1,1% былі старэйшыя за 50 гадоў.

Паводле звестак выбарачнага абследавання дамашніх гаспадарак па ўзроўні жыцця, кожны трэці мужчына ва ўзросце 16 гадоў i старэйшы лічыць сваё здароўе добрым, кожны чацвёрты займаецца фізкультурай культурай i спортам. У агульнай колькасці мужчын ва ўзросце 16 гадоў і старэйшых кураць 44%, кожны пяты мае залішнюю вагу і толькі 7,7% лічаць, што вядуць здаровы спосаб жыцця.

Сусветны дзень мужчын прыпадае на першую суботу лістапада. Заснаваны на прапанову Міхаіла Гарбачова і падтрыманы магістратам Вены, аддзяленнем ААН у Вене і шэрагам міжнародных арганізацый. Традыцыйна адзначаецца ў многіх краінах, хоць і не зацверджаны афіцыйна.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239