Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/11/05/928181_928182/
Дата раздрукоўкі: 02.12.2020 00:16
05.11.2017 12:48 Грамадства, Палітыка

У Мінску праходзіць шэсце ў Курапаты

Мінск, 5 лістапада. У Мінску 5 лістапада праходзіць традыцыйнае шэсце ў Курапаты з нагоды дня памінання продкаў Дзяды, арганізаванае Кансерватыўна-хрысціянскай партыяй — БНФ.
Шэсце і мітынг ва ўрочышчы Курапаты, на месцы пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій, санкцыянаваныя Мінгарвыканкамам.
Шэсце пачалося апоўдні ад гадзіннікавага завода "Прамень", размешчанага насупраць парку Чалюскінцаў. У ім бяруць удзел прыкладна 200 чалавек.

Дэманстранты ідуць па тратуары праспекта Незалежнасці. Наперадзе калоны нясуць драўляны крыж, які будзе ўстаноўлены ў Курапатах. У калоне мноства бел-чырвона-белых сцягоў, сімволіка КХП-БНФ, а таксама руху "За Свабоду". Калону замыкаюць актывісты незарэгістраванай арганізацыі "Малады фронт" на чале з Дзмітрыем Дашкевічам, які прыйшоў з маленькім сынам. Маладафронтаўцы нясуць вялікі бел-чырвона-белы сцяг.

Дэманстранты нясуць вялікую расцяжку "Дзяды", а таксама плакаты "Курапаты — наш народны мемарыял", "Прывід камунізму — кватарант у Драздах", "7 лістапада — чорны дзень календара" і іншыя.

У шэсці бяруць удзел старшыня КХП-БНФ Юрась Беленькі, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў і яго намеснік Аляксей Янукевіч, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Віталь Рымашэўскі, а таксама актывісты Вольга Нікалайчык, Ніна Багінская і іншыя.

Удзельнікі перыядычна скандуюць "Жыве Беларусь!" і спяваюць нацыянальныя патрыятычныя песні.

За акцыяй назіраюць дзясяткі сілавікоў у цывільным, некаторыя з іх здымаюць тое, што адбываецца, на камеру. Яны ж разам з супрацоўнікамі ДАІ рэгулююць пераходы калонай праезнай часткі дарог.

У небе калону дэманстрантаў суправаджае беспілотны лятальны апарат (дрон), які таксама вядзе відэаздымку мерапрыемства.

Як паведамлялася, мітынг у Курапатах намечаны на 15.00.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239