Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/11/05/928212_928213/
Дата раздрукоўкі: 01.12.2020 23:24
05.11.2017 17:35 Грамадства, Палітыка

У Курапатах ушанавалі памяць ахвяр сталінскіх рэпрэсій

Мінск, 5 лістапада. Каля 300 чалавек прынялі ўдзел у мітынгу, які прайшоў 5 лістапада ва ўрочышчы Курапаты — на месцы пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій.
Мітынг, арганізаваны Кансерватыўна-хрысціянскай партыяй — БНФ з нагоды дня памінання продкаў Дзяды, доўжыўся каля паўтары гадзіны. Сярод яго ўдзельнікаў было шмат як пажылых людзей, так і моладзі. Многія прыйшлі на акцыю з маленькімі дзецьмі. У шэсці ў Курапаты — ад мінскага гадзіннікавага завода "Прамень" — прыняло ўдзел каля 250 чалавек. Акцыя была дазволена сталічнымі ўладамі.

У часе мітынгу намеснік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі падзякаваў удзельнікам акцыі, назваўшы іх людзьмі, якія "даюць надзею нашай нацыі", таму што яны выйшлі, нягледзячы на ўзмацненне рэпрэсій у дачыненні да актывістаў апазіцыі. "Такія людзі, як вы, фарміруюць новую моцную нацыю", — заявіў Беленькі.

На яго думку, сёння "беларусы-патрыёты не ў поўнай меры ўсведамляюць, што адбываецца ў краіне". Беленькі нагадаў пра падзеі савецкага галадамору ва Украіне, параўнаўшы яго па маштабе трагедыі з беларускімі Курапатамі. "Масква свядома забівала нашы народы", — лічыць ён.

Паводле слоў намесніка старшыні партыі, 95% нкусаўцаў былі не беларусамі. На яго думку, сёння "спецслужбы Расіі праз Лукашэнку праводзяць тут сваю палітыку". У сувязі з гэтым ён раскрытыкаваў нядаўнія беларуска-расійскія вучэнні "Захад-2017", назваўшы расійскія войскі акупацыйнымі.

Беленькі, былы савецкі афіцэр, закрануў таксама тэму гібелі салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча ў Печах і дзедаўшчыны ў беларускай арміі. "Праўда пра гэта ўскалыхнула ўсю Беларусь", — адзначыў ён.

У сувязі з гэтым палітык заявіў, што дзедаўшчына ў сучаснай арміі каранямі сыходзіць да савецкай, "якая спецыяльна культывавалася", паколькі існавалі "сакрэтныя загады аб дзедаўшчыне ў савецкай арміі", заявіў ён.

Беленькі заклікаў моладзь размаўляць па-беларуску, прапагандаваць нацыянальную культуру і ўмець абараняць сваю краіну. Палітык пры гэтым раскрытыкаваў цікавасць дзяржавы да тэмы Курапатаў і суботнікі, якія тут праводзяць прадстаўнікі БРСМ і ГА "Белая Русь". "Яны да помніка Леніну кветкі ўскладаюць, а потым у Курапаты кветкі нясуць, што гэта за блюзнерства такое?!" — заявіў прадстаўнік КХП-БНФ.

Адказны сакратар КХП-БНФ Алесь Чахольскі паведаміў, што 3 лістапада супрацоўнікі міліцыі затрымалі актывістку партыі Алу Гуцаву, якая раздавала прахожым запрашэнні на дазволеную ўладамі акцыю ў Курапатах. Ён паведаміў БелаПАН, што ў дачыненні да яе складзены пратакол па арт. 23.34 КоАП за парушэнне парадку арганізацыі масавага мерапрыемства. Пасля чаго актывістку адпусцілі з міліцыі. "Адразу 3 лістапада мы падалі скаргу на гэта ў пракуратуру. Няхай разбіраюцца", — сказаў ён.

Напярэдадні акцыі прадстаўнікі КХП-БНФ устанавілі ў Курапатах два новыя крыжы ў памяць пра рэпрэсаванага паэта Тодара Кляшторнага, а таксама Яна Пазняка — рэпрэсаванага дзеда Зянона Пазняка. Сёння ва ўрочышчы былі ўстаноўлены яшчэ два крыжы, якія асвяціў святар непрызнанай Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.

Чахольскі ўдакладніў, што за год, які прайшоў з мінулай акцыі, актывісты партыі на ахвяраванні абнавілі каля 60 крыжоў. Пры гэтым адказны сакратар КХП-БНФ адзначыў, што яму нічога не вядома пра развіццё ініцыятывы па ўстаноўцы ў Курапатах уладамі афіцыйнага мемарыяла, пра які было заяўлена яшчэ вясной гэтага года.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239