Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/11/06/928223_12345/
Дата раздрукоўкі: 21.09.2020 01:52
06.11.2017 13:52 Культура, Грамадства

17—19 лістапада ў Мінску пройдзе літаратурны фестываль "Знак роўнасці"

Мінск, 6 лістапада. 17—19 лістапада ў Мінску пройдзе літаратурны фестываль "Знак роўнасці", арганізаваны Саюзам беларускіх пісьменнікаў (СБП).

Фестываль задуманы для таго, каб "актуалізаваць дзейнасць тых творцаў, якія почасту выціснутыя на перыферыю беларускага літаратурнага працэсу", паведаміла прэс-служба СБП. "Крытычны погляд на айчынную літаратурную сітуацыю па-ранейшаму выяўляе яе цэнтралізацыю і іерархічнасць, — лічаць у пісьменніцкай арганізацыі. — Аднак наша грамадства не стаіць на месцы, ім на змену прыходзяць павага да іншасці і разнастайнасці. Але наколькі беларуская літаратура гатовая адпавядаць выклікам часу?"

Фестываль пройдзе ў галерэі TUT.by. Увечары 17 лістапада адбудзецца міжнародны круглы стол пад назвай "Хто таньчыць на мінным полі і жыве ў ружовым гета: дыскусія на тэму ідэнтычнасці ў літаратуры". Чакаецца, што ў сустрэчы возьмуць удзел нарвежская раманістка Хэйдзі Мары Крызнік, шведская пісьменніца і рэдактар Ульрыка Кэрнборг, а таксама беларускія літаратары Вольга Гапеева, Вальжына Морт і Юлія Цімафеева.

Пасля дыскусіі будуць прэзентаваныя кнігі Валянціны Аксак, Сабіны Брыло, Насты Кудасавай, Людмілы Рублеўскай і Людкі Сільновай з выдавецкіх серый Саюза беларускіх пісьменнікаў, а таксама кнігі выбранай паэзіі Дароты Коман "36 квадратных метраў думак".

18 лістапада гасцей фестывалю чакаюць дыскусіі аб тым, ці шкодзіць правінцыя таленту беларускіх пісьменнікаў у рэгіёнах, а таксама пра жаночы вопыт у беларускай гуманітарнай адукацыі. Перакладчыца Ганна Янкута выступіць з лекцыяй "Літаратура — яна мая: беларускія пісьменніцы XX—XXI стагоддзяў", а паэты Аксана Данільчык і Віктар Жыбуль прадставяць анталогію беларускай жаночай паэзіі 1920—1930-х гадоў "Бліскавіцы".

На заключны дзень, 19 лістапада, запланаваныя дыскусіі пра сэкс і сэксуальнасць у беларускай літаратуры, а таксама аб жаночых тэкстах і кантэкстах ў беларускім тэатры. Перакладчыца Надзея Кандрусевіч-Шыдлоўская раскажа пра "досвед іншасці ў дзіцячай літаратуры Швецыі". Фестываль завершыцца спектаклем Аляксея Стрэльнікава "Мова Х" паводле твору Вальжыны Морт і літаратурнымі чытаннямі.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239