Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/11/06/928237_12345/
Дата раздрукоўкі: 02.12.2020 00:07
06.11.2017 12:21 Палітыка, Эканоміка, Грамадства

Еўрасаюзу варта вярнуць санкцыі ў дачыненні да Беларусі, лічаць у КХП-БНФ

Мінск, 6 лістапада. Еўрапейскі саюз у сувязі з узмацненнем у Беларусі ў 2017 годзе рэпрэсій супраць апазіцыйных актывістаў і журналістаў павінен вярнуць санкцыі ў дачыненні да беларускага кіруючага рэжыму, лічаць у Кансерватыўна-хрысціянскай партыі (КХП) — БНФ.

На мітынгу 5 лістапада ва ўрочышчы Курапаты з нагоды дня памінання продкаў Дзяды адказны сакратар партыі Алесь Чахольскі паведаміў, што 3 лістапада супрацоўнікі міліцыі затрымалі актывістку КХП-БНФ Алу Гуцаву, якая раздавала мінакам пісьмовыя запрашэнні на дазволеную ўладамі акцыю ў Курапатах. У яе адносінах складзены пратакол па арт. 23.34 КоАП за парушэнне парадку арганізацыі масавага мерапрыемства.

"У гэтай сітуацыі, калі штрафуюцца, арыштоўваюцца на "суткі", калі не выконваецца закон, паводзіны заходніх палітыкаў амаральныя. У тым, што яны імкнуцца неяк там наладзіць адносіны (з Аляксандрам Лукашэнкам. — БелаПАН.). З кім вы хочаце наладзіць адносіны? Што ў Маскве яму скажуць, так ён і будзе рабіць", — лічыць палітык.

"Замест таго каб увесці санкцыі супраць тысячы гэтых памагатых рэжыму, суддзяў, пракурораў, міліцыянераў, кадэбістаў, чыноўнікаў, іх сем'яў, а мільёнам простых беларусаў выдаць бясплатныя шэнгенскія візы, каб яны ўбачылі свет, як цывілізавана трэба жыць, яны гуляюцца з гэтым рэжымам у нейкую лібералізацыю. Мы бачым гэтую "найжорсткую лібералізацыю", пра якую адзін міністр нядаўна сказаў", — заявіў Чахольскі, маючы на ўвазе нядаўняе выказванне міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча ў сувязі са зменамі нацыянальнага заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

Як паведамлялася, 2 лістапада з заклікам да ЕС пра вяртанне санкцый у дачыненні да Беларусі выступіў апазіцыйны Беларускі нацыянальны кангрэс. Каментуючы ініцыятыву, кіраўнік прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Мінску Андрэа Віктарын заявіла журналістам: "Санкцыі з'яўляюцца крайняй мерай, калі больш няма ніякіх спосабаў вырашэння тых ці іншых праблем. Напрыклад, санкцыі былі патрэбныя для таго, каб вызваліць палітычных зняволеных. Цяпер мы не бачым прычын для выкарыстання санкцый. Я магу растлумачыць чаму: для таго каб нешта змяніць, неабходна весці перамовы. неабходна агучваць сваю заклапочанасць. Калі мы не будзем размаўляць, мы не зможам змяніць сітуацыю".

Пры гэтым дыпламат падкрэсліла, што ЕС захоўвае аптымізм адносна сітуацыі з выкананнем у Беларусі правоў чалавека.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239