Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/11/08/928381_102058/
Дата раздрукоўкі: 03.12.2020 10:14
08.11.2017 13:53 Эканоміка

Савет па развіцці прадпрымальніцтва прапануе ўнесці змены ў заканадаўства аб ілжэпрадпрымальніцтве

Мінск, 8 лістапада. Савет па развіцці прадпрымальніцтва прапануе ўнесці змены ў заканадаўства аб ілжэпрадпрымальніцтве — ва ўказ прэзідэнта ад 23 кастрычніка 2012 года № 488 "Аб некаторых мерах па папярэджанні незаконнай мінімізацыі сум падатковых абавязацельстваў", паведамляецца на сайце савета.

Вынікі праведзенага саветам аналізу дакумента сведчаць, што правапрымяняльная практыка ўказа перашкаджае нармальнаму ажыццяўленню дзейнасці і стварае атмасферу прэзумпцыі вінаватасці юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія ажыццяўляюць або ажыццявілі раней здзелкі з удзелам контрагентаў, пасля прызнаных кантрольнымі органамі ілжэпрадпрымальніцкімі структурамі.

Адзначаецца, што на практыцы ў добрасумленных контрагентаў няма дастатковых механізмаў, каб сябе засцерагчы. "Нават калі пры заключэнні кантракта з кампаніяй або прадпрымальнікам у рэестры гэты суб'ект адсутнічае — няма гарантый, што гэты контрагент ў будучыні там не апынецца", — сказана ў аналітычнай запісцы, накіраванай саветам ў Адміністрацыю прэзідэнта.

Падкрэсліваецца, што ў выпадку выяўлення ілжэпрадпрымальніцкай структуры дэпартаментам фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю выносяцца прадпісанні ўсім суб'ектам, якія калі-небудзь ажыццяўлялі з ёй здзелкі. Пасля атрымання прадпісання юрыдычная асоба ці ІП абавязаныя самастойна палічыць і выплаціць у поўным аб'ёме падаткі (зборы, пошліны), падаць у падатковую інспекцыю ўдакладненую дэкларацыю і на працягу 20 працоўных дзён з даты атрымання такога прадпісання праінфармаваць орган фінансавых расследаванняў аб прынятых мерах па выкананні прадпісання з прыкладаннем пацвярджальных дакументаў. "Такім чынам, у суб'екта гаспадарання з'яўляецца прамы абавязак добраахвотна прызнаць сябе правапарушальнікам "без суда і следства", — падкрэсліваюць у савеце.

Калі суб'ект вырашыў абскардзіць прадпісанне, то орган фінансавых расследаванняў мае права прызначыць і правесці праверку юрыдычнай асобы або ІП ці ўсе дакументы накіраваць у ІМПЗ па месцы пастаноўкі на ўлік для правядзення праверкі, што часцей за ўсё і адбываецца. Гэта, адзначаюць аўтары запіскі, не толькі ставіць пад пагрозу дзелавую рэпутацыю суб'екта гаспадарання, але і ў большасці выпадкаў заканчваецца яшчэ больш значнымі плацяжамі.

Члены Савета па развіцці прадпрымальніцтва таксама прытрымліваюцца думкі, што большасць з уключаных у рэестр ілжэпрадпрымальніцкіх структур суб'ектаў можна прызнаць такімі з высокай доляй умоўнасці. "Згодна са звесткамі СМІ, на красавік 2016 года рэестр утрымліваў 6.600 суб'ектаў гаспадарання, а на красавік 2017 года ўжо 7.609. Пры гэтым 5.375 суб'ектаў былі ўнесеныя ў яго выключна на падставе "неразмяшчэння па сваім юрыдычным адрасе", і толькі 257 суб'ектаў былі прызнаныя ілжэпрадпрымальніцкімі на падставе рашэння суда", — адзначаецца ў запісцы.

На думку савета, неабходнае ўнясенне змен ва ўказ № 488 для забеспячэння абароны добрасумленных суб'ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці, абмежавання тэрміну рэтраспектыўнага прымянення яго норм, а таксама забеспячэння рэалізацыі прынцыпу прэзумпцыі невінаватасці суб'ектаў пры ажыццяўленні праверак іх дзейнасці ўсімі без выключэння кантрольнымі органамі.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239